Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Больш старажытных рэліквіяў я не сустракаў у Беларусі». У мядзельскім касьцёле знайшлі мошчы сьвятой II стагодзьдзя


Мядзел, касьцёл Маці Божай Шкаплернай, 2015 год. Аляксандр Дзехцяронак via Wikimedia, CC BY-SA 3.0

У сьцяне касьцёла Маці Божай Шкаплернай, што ў Мядзеле, знайшлі рэліквіі, замураваныя ў 1940 годзе, перад прыходам бальшавікоў. Знаходкі вельмі каштоўныя для Беларусі, сказаў Свабодзе ксёндз Юры Кулай.

Пра схованку даведаліся з нататкі аднаго з братоў касьцёла, знойдзенай у архіве Ордэна кармэлітаў у Кракаве разам з фота старога Мядзела. Апісаньня было дастаткова, каб зразумець, дзе схаваныя рэліквіі — пры нагодзе, калі мянялі электраправодку, іх знайшлі.

Сярод знаходак — парафіяльныя кнігі хрышчэньняў, шлюбаў, памерлых і ахвярадаўцаў, некаторыя яшчэ з XIX стагодзьдзя, а таксама мошчы сьвятой Тэрэзы, сьвятой Цэцыліі і папы Грыгорыя Вялікага. Самыя старыя — сьвятой Цэцыліі, якая жыла ў Рыме ў II стагодзьдзі.

«Я думаю, гэта сапраўды надзвычайная знаходка, — кажа Свабодзе айцец Юры. — Рэліквіі II стагодзьдзя — гэта рэдкасьць і для Беларусі, і ўвогуле. Раней у Мядзеле былі рэліквіі сьвятога Юстына, таксама II стагодзьдзя, але перад Першай усясьветнай вайной унучка фундатара перанесла іх у Мосарскі касьцёл. Мошчы сьвятой Цэцыліі, якія знайшлі ў нас, таксама II стагодзьдзя — а больш старажытных рэліквій я не сустракаў у Беларусі».

Рэліквіі застануцца ў касьцёле і будуць выстаўленыя для вернікаў. Але калі менавіта гэта будзе, пакуль невядома: у касьцёле яшчэ працуюць над упарадкаваньнем знаходак, набываюць адмысловыя рэлікварыі.

З тэрыторыі Беларусі вывозілі за мяжу шмат рэліквіяў, каб уратаваць іх ад бальшавікоў, кажа айцец Юры, але шмат было проста зьнішчана. Аўтар нататкі пра схованку пісаў, што ведае: ідуць савецкія ўлады, «якія не глядзяць ні на што».

«І касьцёл сапраўды потым быў зачынены, выкарыстоўваўся як склад хімічных угнаеньняў, сельскагаспадарчай тэхнікі, стаяў бяз вокнаў і дзьвярэй, — расказвае айцец Юры. — Усё было раскладзена-раскідана, сьвятары выехалі ў Польшчу. Адзін сьвятар, які застаўся, схаваў гэтыя рэчы, пасьля таксама выехаў у Польшчу».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG