Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея: нэанацыста зь беларускімі каранямі асудзілі на 10 гадоў калёніі строгага рэжыму


Максім Марцінкевіч

Суд у Маскве ў суботу асудзіў нэанацыста Максіма Марцінкевіча, вядомага як Цясак, на дзесяць гадоў пазбаўленьня волі з адбываньнем тэрміну ў калёніі строгага рэжыму. Пра гэта паведамляе агенцтва гарадзкіх навін «Масква».

Марцінкевіча прызналі вінаватым у разбоі і хуліганстве. Паводле вэрсіі сьледзтва, у жніўні 2013 году ён разам саўдзельнікамі з руху «Реструкт» напаў на чалавека ў рамках акцыі «Оккупай-Наркофиляй». Падобныя напады нацыяналісты тлумачылі барацьбой з распаўсюджваньнем наркотыкаў.

Раней суд ужо прызначаў Марцінкевічу такі ж тэрмін па гэтым эпізодзе, таксама прызнаўшы яго вінаватым у распальваньні нянавісьці і варожасьці. Прысуд адмянілі ў траўні сёлета і накіравалі справу на новы разгляд.

Марцінкевіч вядомы як актывіст ультрарадыкальных нацыяналістычных арганізацый. Раней ён быў неаднаразова судзімы за распальваньне нянавісьці. У 2014 годзе Марцінкевіча асудзіла на пяць гадоў калёніі строгага рэжыму. Пазьней тэрмін быў скарочаны да двух гадоў і дзевяці месяцаў.

«Цясак» адзначыўся сваёй дзейнасьцю і ў Беларусі. Так, у 2015 у Менску ён быў затрыманы і зьмешчаны пад варту ў межах крымінальнай справы паводле часткі 3 артыкула 339 (асабліва злоснае хуліганства) Крымінальнага кодэксу. Паводле СМІ, Марцінкевіча тады затрымалі пасьля бойкі зь беларускімі антыфашыстамі. Ён мае беларускія карані і рэгулярна прыяжджаў у Беларусь, падчас чаго здымаў правакацыйныя відэа і прапагандаваў «правыя ідэі».

У ліпені Марцінкевіч у інтэрвію расейскаму рэсурсу Lenta. ru заявіў, што ў зьняволеньні расчараваўся ў нацыянал-сацыялізьме.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG