Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пачаўся суд паводле пазову бізнэсоўца Зайдэса да газэты «Новы час»

абноўлена

Пікет ля брамы рэстарацыі «Поедем поедим»,
Пікет ля брамы рэстарацыі «Поедем поедим»,

27 сьнежня ў судзе Савецкага раёну Менску пачалося асноўнае паседжаньне паводле пазову бізнэсоўца Леаніда Зайдэса да выдавецтва «Час навінаў», якое выдае газэту «Новы час». Рашэньне прынятае 10 дзён таму на папярэднім паседжаньні, на якім аднаго з заснавальнікаў рэстарану «Поедем поедим» не было.

Пазоў разглядае судзьдзя Вераніка Абрамовіч. Дарэчы, яна была прызначаная і на працэс Аркадзя Ізраілевіча — іншага менскага прадпрымальніка, які таксама меў прэтэнзіі да «Новага часу» і да карэспандэнта выданьня.


Зайдэс на судовае паседжаньне не прыйшоў


Як і папярэднім разам, сам Леанід Зайдэс на суд не зьявіўся. Ягоныя інтарэсы прадстаўляе адвакатка Яўгенія Патапава. Яна паведаміла, што яе кліент цалкам падтрымлівае пазоў і ніводнага патрабаваньня не перагледзеў.

Леанід Зайдэс
Леанід Зайдэс

Сваю ранейшую пазыцыю — непрыняцьце пазову цалкам — пацьвердзілі прадстаўніца выдавецтва «Час навінаў» і журналіст Дзяніс Івашын.

Працэс паводле пазову Леаніда Зайдэса пачаўся з таго, што судзьдзя часткова задаволіла хадайніцтва пазоўніка аб далучэньні да матэрыялаў справы шэрагу дакумэнтаў.

Паводле галоўнай рэдактаркі Аксаны Колб, у сваім пазове Леанід Зайдэс выказаў прэтэнзіі да інфармацыі, разьмешчанай сёлета 13 чэрвеня, дзе гаворка ішла пра незаконнасьць будаўніцтва рэстарацыі ў Курапатах. Таксама бізнэсоўца ўказаў, што 19 ліпеня «Новы час» на сваім сайце апублікаваў відэарэпартаж Дзяніса Івашына са зьвесткамі пра тое, што ў дачыненьні да Зайдэса нібыта распачатая крымінальная справа ва Ўкраіне. А гэта, зь яго слоў, няпраўда.

Пазоўнік патрабуе ад «Новага часу» і Івашына агулам 8 тысяч рублёў у якасьці кампэнсацыі шкоды дзелавой рэпутацыі і кампэнсацыі маральнай шкоды (5 тысяч рублёў ад газэты і 3 тысячы ад аўтара).

Дзяніс Івашын
Дзяніс Івашын

Леанід Зайдэс — сузаснавальнік рэстарацыі «Поедем поедим», пабудаванай побач зь месцам масавых пахаваньняў ахвяраў сталінскіх рэпрэсій ва ўрочышчы Курапаты пад Менскам. Ад 31 траўня каля забаўляльнай установы грамадзкія актывісты ладзяць штодзённыя пратэсты.

Раней у сувязі з публікацыямі пра рэстарацыю «Поедем поедим» на «Новы час» падаваў у суд бізнэсовец Аркадзь Ізраілевіч. На яго думку, з артыкулаў вынікае, што менавіта ён і ТАА «ІВ», якое яму належыць, зьяўляюцца канцавым бэнэфіцыярам будаўніцтва ў Курапатах рэстарацыі. Ізраілевіч даводзіў, што ня мае ніякага юрыдычнага дачыненьня да забаўляльнай установы, і патрабаваў у якасьці кампэнсацыі ад газэты 40 тысяч рублёў і яшчэ 1 тысячу — ад Дзяніса Івашына. Пазоў задаволены ня быў.


Адвакатка аспрэчвае крымінальны перасьлед кліента


Адвакатка Яўгенія Патапава прызналася ў судзе, што бывала як наведніца ў рэстарацыі «Поедем поедим». Пра гэта яна сказала, адказваючы на пытаньне, ці мае Леанід Зайдэс дачыненьне да ўстановы.

«Я таксама маю дачыненьне да рэстарацыі, бо бывала ў ёй, — сказала яна. — Але мой упаўнаважнік ня мае адносінаў да незаконнай пабудовы рэстарацыі ў Курапатах».

І адразу паправілася: да будаўніцтва (выключыла Курапаты). Падчас спрэчкі абаронцаў Яўгенія Патапава заявіла, што ўладальнікам рэстарацыі «Поедем поедим» Леанід Зайдэс ніколі не называўся і ім не зьяўляецца.

Адвакатка «Новага часу» пацікавілася ў абаронцы Леаніда Зайдэса, якое той мае дачыненьне да ўкраінскай фірмы «МАК-2000», што фігуруе ў артыкуле Дзяніса Івашына. Згодна з тэкстам, яе кіраўнікі, а таксама Зайдэс, прыцягнутыя да крымінальнай адказнасьці ў суседняй дзяржаве.

Патапава адказала, што ён адзін з заснавальнікаў кампаніі, але інфармацыяй пра тое, ці службовая ён там асоба, яна не валодае.

Паводле яе дадзеных, зьвестак пра прыцягненьне Зайдэса да крымінальнай адказнасьці ва Ўкраіне няма. Адвакатка працытавала ліст з камэрцыйнай перапіскі, у якім, паводле яе, зьмешчаныя ілжывыя зьвесткі пра Зайдэса. «І гэта вынік артыкула з „Новага часу“», — лічыць яна.

Яўгенія Патапава
Яўгенія Патапава

Прадстаўніца «Новага часу» папрасіла ўдакладніць: якія маральныя пакуты панёс Зайдэс?

«Тое, што да шырокага кола асобаў была даведзеная ілжывая інфармацыя, яго пачалі ўспрымаць злачынцам, які ўчыніў супрацьпраўныя дзеяньні і працягвае злачынную дзейнасьць на тэрыторыі Беларусі, — адказала Яўгенія Патапава. — Таксама ў яго ўзьнікла пачуцьцё сораму і іншыя нэгатыўныя пачуцьці».

Адвакатка Зайдэса згадала пра «шквал нэгатыўных камэнтаў» у інтэрнэце, якія прычынілі яе кліенту «маральныя пакуты».

На пытаньне Аксаны Колб пра ўдзел Леаніда Зайдэса ў кампаніі «Квартал МЗС» адвакатка пацьвердзіла, што ён быў «удзельнікам», але ці таксама і заснавальнікам, ёй невядома. Аксана Колб удакладніла, што фірма забудоўвала ўчастак у Курапатах, дзе цяпер знаходзіцца рэстарацыя, і Зайдэс меў да яе дачыненьне.

У 2012 годзе гэта было кваліфікавана як «незаконнае будаўніцтва», пра што сьведчыць і ліст з пракуратуры. Дык ці ведаў Зайдэс, што бярэ ўдзел у незаконным будаўніцтве ў Курапатах? — перапытала Аксана Колб.

Патапава сказала, што пытаньне ня мае дачыненьня да пазову, які тычыцца падзеяў 2018 году. Судзьдзя зьняла пытаньне рэдактаркі.

Прадстаўніца «Новага часу» Марыя Колесава-Гудзіліна заявіла суду, што зьвесткі пра Леаніда Зайдэса ў артыкуле Дзяніса Івашына не былі ілжывымі. Яна спаслалася на Грамадзянскі кодэкс, паводле якога адказнасьць за распаўсюд кампрамэтуючых зьвестак супраць асобы наступае, калі яны тычацца непасрэдна гэтай асобы. Між тым «Новы час» выклаў зьвесткі не канкрэтна пра Зайдэса, а пра тое, што крымінальная справа ва Ўкраіне заведзеная супраць украінскай фірмы «МАК-2000».

Што да Леаніда Зайдэса, дык ён сапраўды сузаснавальнік і адзін з уласьнікаў гэтай фірмы, сьцьвярджае прадстаўніца «Новага часу». Яна лічыць, што газэта абгрунтавана згадвала пра датычнасьць Зайдэса да беларускай фірмы «Квартал МЗС», якая ў 2012 годзе незаконна, паводле Генпракуратуры, забудоўвала аб’ект у Курапатах. Той, што спачатку быў «Бульбаш-холам», а потым атрымаў назву «Поедим поедим».

Івашын: «Пастанова пракуратуры пра Курапаты ад 2012 году не адмененая»

У судзе таксама выступілі і адказалі на пытаньні журналіст Дзяніс Івашын і ягоны прадстаўнік, намесьнік старшыні БАЖ Алег Агееў.

Дзяніс Івашын казаў, што Генпракуратура знайшла шэраг парушэньняў у дзейнасьці фірмы, якая займалася будоўляй «аб’екта прыдарожнага сэрвісу» каля Курапатаў. Там былі і захоп зямлі, і парушэньне ахоўнай зоны. Паводле Івашына, Зайдэс меў дачыненьне да гэтай фірмы.

«Няма ніводнага пункту прадстаўленьня Генпракуратуры аб незаконнасьці будаўніцтва аб’екта ў Курапатах, у якім удзельнічаў Леанід Зайдэс, якія б ён аспрэчыў і дамогся адмены», — заявіў суду журналіст.

Паводле журналіста, прадстаўленьне пракуратуры працягвае дзейнічаць, бо дагэтуль не адмененае.

Прадстаўнік журналіста Алег Агееў патлумачыў суду, што меркаваньне аб незаконнасьці будаўніцтва ў Курапатах на 2012 год грунтавалася менавіта на гэтым дакумэнце Генпракуратуры і лічыцца даказаным фактам. Астатнія ж высновы аўтара адносна Леаніда Зайдэса — яго меркаваньні, на што ён мае права як журналіст. Паводле закону аб СМІ журналіст не павінен несьці адказнасьць за меркаваньні, нагадаў суду прадстаўнік БАЖ.

Пасьля гэтага суд пачаў вывучаць пісьмовыя матэрыялы справы. Прагучалі, сярод іншага, дадзеныя пра долі бізнэсмэна Зайдэса ў фірмах, якія фігуруюць у артыкуле журналіста Івашына. Ва ўсіх ёсьць долі Леаніда Зайдэса.

Суд адмовіў абаронцы Зайдэса ў задавальненьні хадайніцтва аб правядзеньні лінгвістычнай экспертызы артыкула Дзяніса Івашына.

Працяг працэсу — а 10-й гадзіне 28 сьнежня.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG