Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расеец абрабаваў банк на Шпіцбэргене, яго знайшлі за 20 хвілін

Пасёлак Лонг’ір на Шпіцбэргене
Пасёлак Лонг’ір на Шпіцбэргене

На нарвэскім арктычным архіпэлягу Шпіцбэрген паводле падазрэньня ва ўзброеным абрабаваньні банку затрыманы грамадзянін Расеі. Пра гэта ў суботу паведамляецца на сайце губэрнатара рэгіёну Свальбард.

Абрабаваньне адбылося ў пятніцу ў пасёлку Лонг’ір — адміністрацыйным цэнтры Шпіцбэргену. Яно прыцягнула ўвагу нарвэскай прэсы празь незвычайныя абставіны: архіпэляг Шпіцбэрген знаходзіцца за палярным кругам, там цяпер палярная ноч, насельніцтва архіпэлягу складае ўсяго некалькі тысяч чалавек, непрыкметна пакінуць яго і схавацца — вельмі цяжка. Паводле дадзеных нарвэскіх СМІ, учыненае расейцам абрабаваньне банку — першае ў гісторыі Лонг’іру.

Паведамляецца, што 29-гадовы грамадзянін Расіі, які, як мяркуецца, прыехаў на Шпіцбэрген як турыст, увайшоў у будынак банку і, пагражаючы вінтоўкай, вымусіў касіра выдаць яму наяўнымі каля 70 тысяч нарвэскіх кронаў (каля 8 тысяч даляраў ЗША). Вінтоўку ён узяў у арэнду — на Шпіцбэргене можна бесьперашкодна браць напракат зброю для абароны ад белых мядзьведзяў.

Супрацоўнікі банку выклікалі паліцыю, і расеец быў затрыманы праз 20 хвілін пасьля ўчыненьня злачынства. Ён адпраўлены на мацярык, у горад Тромсё, дзе зьмешчаны пад варту.

Архіпэляг Шпіцбэрген — сувэрэнная тэрыторыя Нарвэгіі, аднак паводле дамовы на ім вядуць гаспадарчую дзейнасьць (здабываюць вугаль) таксама расейскія кампаніі.

XS
SM
MD
LG