Шэраг замежных дзяржаў, у тым ліку Расея, Кітай і Іран, спрабавалі аказаць уплыў на перадвыбарчую кампанію ў ЗША ў 2018 годзе. Пра гэта заявіў дырэктар Нацыянальнай выведкі ЗША Дэн Коўтс.
Ён падкрэсьліў, што ў амэрыканскіх спэцслужбаў няма доказаў таго, што замежныя дзяржавы атрымалі доступ да сыстэм для галасаваньня. Ацэнка магчымага ўплыву намаганьняў замежных дзяржаў на вынікі галасаваньня не ўваходзіць у кампэтэнцыю спэцслужбаў — гаворыцца ў справаздачы, якую Коўтс накіраваў на імя прэзыдэнта Дональда Трампа.
Коўтс не прывёў падрабязнасьцяў дзеяньняў Расеі і іншых краін, адзначыўшы, аднак, што гаворка ідзе перш за ўсё аб інфармацыйных кампаніях, накіраваных на Злучаныя Штаты з мэтай прасоўваньня «стратэгічных інтарэсаў» гэтых краін.
Раней пра тое, што Расея спрабавала ўмешвацца ў сёлетнія выбары ў ЗША, заявіў міністар абароны Джэймс Мэтыс, які нядаўна абвясьціў аб хуткім сыходзе ў адстаўку. Мэтыс тады даў зразумець, што дзеяньні Расеі ня мелі ніякага эфэкту.
У 2018 годзе ў Злучаных Штатах праходзілі так званыя прамежкавыя выбары — абіралася Палата прадстаўнікоў і частка Сэнату. На выбарах у ніжнюю палату Кангрэсу посьпеху дабіліся дэмакраты, а ў Сэнаце большасьць захавалі рэспубліканцы.
Выведвальная супольнасьць ЗША была адзіная ў думцы, што Расея ажыцьцяўляла маштабную кампанію ўмяшаньня ў выбары прэзыдэнта ЗША ў 2016 годзе.
Спэцыяльны пракурор Робэрт Мюлер, які расьсьледуе меркаванае расейскае ўмяшантне, завочна выставіў абвінавачваньні шэрагу расейцаў — у тым ліку супрацоўнікам вайсковай выведкі і так званай «фабрыцы Інтэрнэт-троляў».
У Маскве ўвесь гэты час адмаўляюць ўмяшаньне расёйскіх уладаў у выбары ў ЗША.