Расейскі ракетны вартаўнічы карабель рухаецца ў напрамку Азоўскага мора з Крыму. Пра гэта 21 сьнежня паведаміў Reuters, спасылаючыся на ананімнага сьведку.
Расейскі карабель быў заўважаны каля ўзбярэжжа Крыму, непадалёк ад порта Феадосія. Паводле сьведкі, на борце карабля знаходзіцца верталёт.
Тым часам міністар абароны Вялікабрытаніі Гэвін Уільямсан, які знаходзіцца зь візытам ва Ўкраіне, заявіў, што Чорнае мора не належыць Расеі, і дадаў, што ў знак падтрымкі Ўкраіны ў супрацьстаяньні з Масквой Брытанія накіравала ў Чорнае мора свой ваенны карабель.
У рэгіёне Чорнага і Азоўскага мораў адчуваецца напружанасьць пасьля таго, як Расея захапіла ў Керчанскай пратоцы 25 лістапада тры ўкраінскія ваенна-марскія судны і іх экіпажы.