Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра КДБ сьпявалі Blondie, Elton John, Nazareth, нават ня раз


У Латвіі сёньня адкрываюць архівы КДБ, Пуцін даў вялікую штогадовую прэс-канфэрэнцыю, у РБ дзяржаўнае сьвята — Дзень чэкіста. Навіны дня. І трапляецца яшчэ згадка пра рок-гурт KGB. Плюс некалькі камэнтароў мэляманаў: якая распрэкрасная група была, а я ня ведаў…

Вось і я ня ведаў. Што праўда, альбом мне падаўся нецікавым. Але я ўзбагаціўся новай для сябе інфармацыяй. Брытанскі гурт KGB стварыў у сярэдзіне 1970-х Рычард Раман Грэч або — Грэчка. Бацькі — з другой хвалі эміграцыі, уцяклі ў 1944-м перад наступам Чырвонай арміі, не пажадалі зноў у сталінскія лапы. KGB — усяго толькі першыя літары прозьвішчаў музыкантаў. Грэч, як зразумела, усярэдзіне. Што пра яго яшчэ дадаць? Памёр даволі рана. Ад гарэлкі. Ці ад віскі, гэта ж была Англія. Сама група развалілася пасьля выпуску адзінага альбому.

Аднак што цікава: установа пад назваю КДБ трапляла раней і трапляе да апошняга часу ў тэксты песень заходніх гуртоў. І што ж гэта за песьні?

Першымі з больш-менш вядомых успомнілі пра ўстанову на Лубянцы The Kinks яшчэ ў 1971-м. Аб чым жа сьпеў? Аб тым, што чалавек заняпаў на манію перасьледу. І малочнік яму здаецца шпіёнам, і бакалейшчык нібы не адстае ад яго, і жанчына за наступнымі дзьвярыма працуе пад прыкрыцьцём для КДБ, і людзі з сацыяльнай службы важацца ўварвацца ў прыватнае жыцьцё. Выснова: а ўсё таму, што няма сродкаў ад вострай шызафрэніі.

Nazareth, 1974: рана раніцай герой сядзіць у гатэлі, Масква выглядае файна скрозь келіх віна. І недзе паяўляецца КДБ. Гэтая ж песьня трапляе ў наступныя альбомы ў 1987-м і 2006 гадах, спадабалася самім. Зрэшты, гэта сапраўды энэргічны шлягер. У 1998-м музыканты іранізуюць: лепей насіць Rolex на руцэ, як цяперашняя новая «рэвалюцыйная партыя» у Крамлі. А КДБ больш няма. Чым жа яны цяпер займаюцца, можа хто-небудзь бачыў?

У 1978-м фарбаваная бляндынка з Blondie ўспамінала «доўгія рукі КДБ», якія паўсюль дастануць.

Тады, у 1998-м, Nazareth правільныя атрымаў зьвесткі: у Маскве цяпер КДБ называецца па-іншаму. Аднак другая частка інфармацыі да музыкантаў не дайшла: што брэндам цяпер распараджаецца сінявокая рэспубліка, хаця ў Менску з канцэртамі яны бывалі.

Лірычны герой Элтана Джона ў 1981-м сьпяваў аб тым, што стаміўся быць зьвязаным з K.G.B. і ад усяго «палітычнага друхла», таму што ён «бачыў вашы фашысцкія твары на вокладцы нацыянальных газэт».

Пра КДБ нямала ў песьнях менш вядомых выканаўцаў. Таксама на гішпанскай мове, на нямецкай. Нават адна нарвэская група, што ўзьнікла толькі ў 2000-м, празь пяць год засьпявала пра КДБ. Так-так, і ў ХХІ стагодзьдзі на Захадзе лічаць КДБ актуальнай тэмай для тэкстаў. Нават у 2017 годзе песенька з узгадкай пра «Кантору» загучала новая, на прыгожай мове Сервантэса, Маркеса і Фідэля Кастра.

Што яшчэ? У некаторых тэкстах усё па справе: і жалезная заслона ўзгадваецца, і халодная вайна. Але нярэдка для далёкіх замежных выканаўцаў КДБ толькі «для красного словца». Часам у спалучэньні з ЦРУ, альбо проста ў пераліку, куды трапляе яшчэ ФБР і нейкія іншыя абрэвіятуры.

Ну, а што ў нашых шыротах? Аказваецца, існуе песьня супрацоўнікаў беларускага КДБ — «За нас, за чекистов», трэба думаць — разгорнуты тост. Але што гадаць — на «ю-тубе» ёсьць. Паспрабуем… Сьпявае жанчына, мужчынскі хор падпявае, мноства камэнтароў!

Ёсьць і «неафіцыйны гімн ФСБ» таксама. У свабодным доступе. «Москва очнулась спозаранку, на циферблате Новый год, не спит, работает Лубянка, чтобы спокойно жил народ…»

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG