Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навошта ў горадзенскай гімназіі аднавілі помнік Дзяржынскаму і рыхтуюць музэйны стэнд


Помнік Дзяржынскаму каля гімназіі № 6 у Горадні
Помнік Дзяржынскаму каля гімназіі № 6 у Горадні

Гімназія № 6 у Горадні нядаўна «праславілася» на ўсю краіну ўрачыстым адкрыцьцём адноўленага бюста Жалезнага Фэлікса. Цяпер там пачалі рыхтаваць і музэйны стэнд, прысьвечаны кіраўніку «чырвонага тэрору».

«Гэта ня тыдзень і ня два працы»

Фэлікс Дзяржынскі (1877-1926) — савецкі дзяяч родам зь Беларусі, заснавальнік і кіраўнік ВЧК і ГПУ — карных органаў камуністычнага рэжыму, якія папярэднічалі КДБ.

Бюст Дзяржынскага ў гімназіі № 6 урачыста адкрылі 13 сьнежня. Яго аднавілі за грошы КДБ. На ўрачыстасьці прысутнічалі супрацоўнікі гэтай структуры.

У будучыні ў музэі гімназіі хочуць адкрыць экспазыцыю, прысьвечаную стваральніку рэпрэсіўнай сыстэмы.

«У музэі мы плянуем зрабіць яшчэ адзін выставачны стэнд і прысьвяціць яго адназначна Дзяржынскаму», — паведаміла намесьніца дырэктаркі ў выхаваўчай працы гімназіі № 6 у Горадні Жанна Салама.

Калі ён зьявіцца, невядома. Ня выключана, што да канца навучальнага году.

Цяпер, паводле намесьніцы, вядуцца падрыхтоўчыя работы, зьбіраецца матэрыял, настаўнікі гісторыі зьвярнуліся ў архівы, прадумваюць прадметы экспазыцыі.

«Дзеці самі знойдуць інфармацыю»

Ці расказваюць дзецям, хто такі Фэлікс Дзяржынскі, і ці праводзяцца нейкія акцыі ў ягоны гонар?

«Мы ня можам сказаць, што шмат часу і шмат момантаў гаворым пра Дзяржынскага», — адказала Жанна Салама.

Паводле яе, апошнія некалькі гадоў у дзень народзінаў гэтага дзеяча, 11 верасьня, піянэрская дружына гімназіі ладзіць «невялікі зусім мітынг, літаральна цягам 10 хвілінаў», калі дзеці ўскладаюць кветкі да помніка.

На пастамэнце каля гімназіі заўсёды ляжаць кветкі
На пастамэнце каля гімназіі заўсёды ляжаць кветкі

«Дзецям расказваюць, хто такі Дзяржынскі. Робіцца акцэнт, чаму ён тут у нас стаіць у двары гімназіі, бо, па-першае, вуліца носіць ягонае імя», — адзначыла суразмоўца.

Помнік паставілі ў 1985 годзе на ініцыятыву першага дырэктара тады яшчэ школы № 25 Уладзімера Стрэльнікава. Гэта была адзіная школа ў мікрараёне.

«Такія рэчы трэба прывязаць да нейкага сацыяльнага аб’екта. Вось і быў пастаўлены ў нас у двары гэты помнік», — патлумачыла завуч гімназіі.

Гімназія № 6 знаходзіцца на вуліцы Дзяржынскага
Гімназія № 6 знаходзіцца на вуліцы Дзяржынскага

Жанна Салама падкрэсьліла, што сама яна вельмі рэдка закранае тэму Дзяржынскага, хутчэй гэта робяць пэдагогі-арганізатары, калі прымаюць дзяцей у піянэры.

На пытаньне, ці настаўнікі кажуць дзецям, што Дзяржынскі ўзначальваў ВЧК (Усерасейскую надзвычайную камісію) і аддаваў загады расстрэльваць людзей, супрацоўніцы гімназіі адказала ўхіліста.

«Многія факты ў гісторыі можна паднесьці па-рознаму. Як любая гісторыя мае таксама два бакі мэдаля. Што датычыць школы, я думаю, тыя дзеці, якія старэйшыя і іх гэта цікавіць, самі знойдуць інфармацыю».

Раней дзеці ня ведалі, што за помнік стаіць каля гімназіі

Як стала вядома Свабодзе, у гімназіі сапраўды не ўдзяляюць шмат увагі ўшанаваньню Дзяржынскага. Многія вучні раней ня ведалі, што за помнік стаіць на тэрыторыі. Некаторыя думалі, што гэта бюст першага дырэктара школы Стрэльнікава, якому, дарэчы, цяпер больш за 80 гадоў. Закантактаваць зь ім нам не ўдалося.

Доўгі час помнік кіраўніку ВЧК стаяў непрыкметна, бяз подпісу. Два гады таму папярэдняя дырэктарка паклапацілася, каб на яго павесілі шыльду зь імем і прозьвішчам.

Доўгі час помнік стаяў занядбаны, бяз шыльды
Доўгі час помнік стаяў занядбаны, бяз шыльды

Цяперашняя дырэктарка Тацьцяна Махнач працуе ў гімназіі са жніўня, перайшла зь іншай школы, дзе была намесьніцай дырэктара. На яе ініцыятыву бюст аднавілі, а разам зь ім і фасад гімназіі на тле помніка. Да таго ж пасьпілоўвалі елкі вакол, якія прыкрывалі від на галаву рэвалюцыянэра.

Аднавілі ня толькі бюст, але і фон для яго — фасад гімназіі
Аднавілі ня толькі бюст, але і фон для яго — фасад гімназіі

Некаторыя ў школе мяркуюць, што так Тацьцяна Махнач вырашыла вызначыцца, каб яе заўважылі «вышэй».

Настаўнікам стала сорамна, а дзеці задумаліся

Па словах крыніцы, якая папрасіла не называць яе, большасьць настаўнікаў ставяцца скептычна да аднаўленьня бюста і разумеюць, што гімназія «праславілася» на ўсю краіну ў кепскім сэнсе.

Аднак добрым наступствам гэтай падзеі суразмоўца назваў тое, што дзеці задумаліся пра сэнс помніка, а настаўнікам стала сорамна за яго. Цяпер вучні могуць па-за тэмай уроку запытацца, як настаўнік ставіцца да ўшанаваньня Дзяржынскага.

Дзень КДБ у Беларусі адзначаюць 20 сьнежня з 1917 году. У гэты дзень Радай народных камісараў была прынятая пастанова аб стварэньні Ўсерасейскай надзвычайнай камісіі, якая змагалася з «сапернікамі савецкай улады, контрарэвалюцыяй і сабатажам».

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG