Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Усе дзеці роўныя, але ў Менску раўнейшыя


Сем’ям з нованароджанымі дзецьмі будуць даваць наборы карысных падарункаў — цудоўная навіна. Але гэта ня новая дзяржаўная праграма падтрымкі мацярынства і бацькоўства, а прыватная ініцыятыва (падарункі зробяць з дапамогай брэндаў-партнэраў), скарыстацца дабротамі якой можна будзе толькі ў Менску і (пакуль што) толькі ў студзені 2019 году.

Некалькі разоў мне даводзілася прысутнічаць на фінале конкурсу сацыяльных праектаў Social Weekend, і большасьць праектаў там таксама была зь Менску. Цэнтралізацыя дабрачыннасьці і сацыяльных ініцыятыў у адным горадзе прыводзіць да таго, што ствараецца замкнутае кола: у Менску робяць нешта новае проста таму, што ў папярэдніц і папярэднікаў ужо атрымлівалася прабіцца праз сьцяну чынавенскага непаразуменьня, а ў іншых гарадах актыўнасьць нашмат ніжэйшая, бо «ніколі добра не жылі, дык і пачынаць няма чаго».

Калі ў Менску так шмат пачынаньняў «зьнізу», чаму б хоць для пачатку не падтрымаць рэгіёны «зьверху»?

Было б несправядліва вінаваціць людзей, якія выдаткоўваюць уласныя грошы на дабрачыннасьць, што яны робяць гэта недастаткова правільна. Але варта спытаць у дзяржавы: калі ў Менску так шмат пачынаньняў «зьнізу», чаму б хоць для пачатку не падтрымаць рэгіёны «зьверху»?

Бізнэс ужо гатовы ўкладаць грошы ў падарункі для немаўлят і іх бацькоў. Гэта велізарны прагрэс і посьпех, але ж давайце глядзець прагматычна: у сярэднестатыстычных менскіх бацькоў нашмат больш магчымасьцяў замовіць нешта праз інтэрнэт і ўвогуле тэрмінова дакупіць у параўнаньні з людзьмі ў маленькіх гарадах.

Гэта адваротны бок разьвіцьця сталіцы — ствараецца ўсё большы разрыў паміж Менскам і ўсёй астатняй Беларусьсю. І чым далей, тым мацнейшым будзе кантраст: у Менску будзе ўсё больш сацыяльна значных праектаў, а ў рэгіёнах будзе ўсё менш надзеі, што і туды яны калі-небудзь дойдуць.

У Баранавічах няма ніводнага лягапэда, які дапамагаў бы людзям пасьля інсульту распрацоўваць маўленьне.

Дзеля справядлівасьці: «падарункавай» дабрачыннасьці ў цэлым шмат і па-за межамі менскай кальцавой. Асабліва зараз, перад Новым годам, калі дзеці ў дзіцячых дамах атрымліваюць больш за 10 салодкіх падарункаў на кожнага. Але там не хапае ініцыятыў, якія дапамаглі б гэтым дзецям добра сацыялізавацца і рэалізаваць сябе ў дарослым жыцьці. Там не хапае дзейных праграм рэабілітацыі для людзей з інваліднасьцю, не хапае тэатральных студый для дзяцей з аўтызмам, не хапае працоўных майстэрняў для людзей, якія жывуць у інтэрнатах, і шмат чаго яшчэ. Ды што там — у Баранавічах няма ніводнага лягапэда, які дапамагаў бы людзям пасьля інсульту распрацоўваць маўленьне.

А запыт на ўсё гэта ёсьць. Проста шмат якім арганізацыям і аб’яднаньням прасьцей заняцца пару разоў на год «падарункавай дабрачыннасьцю», чым сыстэматычна працаваць з сацыяльнымі праблемамі. І вінавата ў гэтым дзяржава, якая падтрымлівае такі падыход. Кожны год дзеці, якія аказаліся ў цяжкай жыцьцёвай сытуацыі, атрымліваюць падарункі ў межах дабрачыннай кампаніі, якая курыруецца прэзыдэнтам краіны. Яны атрымліваюць падарункі (якімі ў большасьці выпадкаў ня змогуць карыстацца) і не атрымліваюць рэпэтытараў ці звычайных побытавых навыкаў — ня вучацца распараджацца грашыма, выбіраць вопратку і могуць нават не ведаць, як выглядае нячышчаная сырая бульба.

Спадзяюся, акцыя перарасьце ў бестэрміновую, выйдзе па-за межы Менску і будзе фінансавацца з бюджэту.

Па-за межамі Менску гэтая праблема стаіць значна больш востра, чым у сталіцы. Там у цэлым менш ініцыятыў, якія працуюць з сацыяльнымі праблемамі, а тыя, якія ёсьць, нярэдка маскіруюць праблемы, а не вырашаюць іх.

А падарункі для нованароджаных — гэта сапраўды цудоўная ідэя. Спадзяюся, акцыя перарасьце ў бестэрміновую, выйдзе па-за межы Менску і будзе фінансавацца з бюджэту. Тады словы міністра аховы здароўя аб тым, што ў аснове акцыі — ідэя пра роўныя магчымасьці для ўсіх дзяцей, будуць гучаць больш праўдападобна. А пакуль што ў менскіх дзяцей магчымасьці ўсё ж раўнейшыя за астатніх.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG