Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці прапанаваў БРСМ студэнтам БДУ бонусы на іспытах за дабрачыннасьць?


На біялягічным факультэце БДУ праводзіцца дабрачынны аўкцыён. На ім плянавалася разыграць бонусы ад выкладчыкаў унівэрсытэту, якія дадуць шанец добра здаць зімовую сэсію.

Пра гэта 16 сьнежня паведаміла суполка БРСМ біялягічнага факультэту БДУ «Ўкантакце». Аднак пазьней у БРСМ пачалі гэта абвяргаць.

Паводле інфармацыі ў суполцы, за дабрачыннасьць выкладчыкі павінны падвысіць студэнтам адзнакі на экзамэнах ад аднаго да пяці балаў. У паведамленьні называліся прозьвішчы выкладчыкаў, якія меліся дадаваць балы.

«Студэнты атрымліваюць +1, +2 балы»

Карэспандэнт Свабоды зьвярнуўся да некаторых з шасьці выкладчыкаў, згаданых у посьце БРСМ, па тлумачэньні.

Намесьнік дэкана па вучэбна-выхаваўчай працы і сацыяльных пытаньнях Віталь Сахвон даваць камэнтары адмовіўся і накіраваў нас у БРСМ.

Выкладчык Віктар Хвір патлумачыў, як дзейнічае гэты мэханізм. Уносячы грошы на аўкцыёне, студэнты атрымліваюць падпісаны выкладчыкамі дакумэнт пра тое, што ім прапануецца 1–2 балы на экзамэн. «І студэнт верне нам менавіта той дакумэнт, які мы запоўнілі», — сказаў ён.

Паводле посту БРСМ, Віктар Хвір дадасьць ажно 5 балаў.

«Студэнты на аўкцыёне за канкрэтныя грошы, якія будуць пералічвацца дзіцячаму дому, атрымліваюць адпаведныя +1, +2 балы (у розных выкладчыкаў па-рознаму) да сваёй адзнакі на экзамэне. Калі ён атрымлівае, напрыклад, 7, то ў такім выпадку адзнака падвышаецца да 8. Калі студэнт атрымлівае нездавальняючую адзнаку, то яна і застаецца нездавальняючай. Яна будзе павялічвацца толькі ў тым выпадку, калі яна будзе станоўчая», — патлумачыў Хвір.

Выкладчыца катэдры заалёгіі Аксана Круглова сказала, што гаворка ідзе пра дабаўленьне аднаго балу.

«На лісточках, якія нам прыносілі студэнты з БРСМ, было напісана, які я магу ўнесьці ўклад. У выпадку атрыманьня студэнтам станоўчай адзнакі на экзамэне па асновах заалёгіі (пачынаючы з 4 балаў) я дадаю адзін бал. Мы не гандлюем адзнакамі, у нас такога няма. То бок я яшчэ раз паўтараю, як я напісала на гэтым лісточку і падпісалася. У мінулым годзе тое самае было. Але да мяне гэты студэнт так і не падышоў, у якога быў гэты білет. То бок у мінулым годзе я нават не дадавала», — расказала Аксана Круглова.

«Мы напісалі жартам, каб людзі прыйшлі»

Навіна пра такую сыстэму дабрачыннасьці выклікала абурэньне ў сацыяльных сетках. У БРСМ кажуць, што гэта няпраўда.

Кіраўнік арганізацыі БРСМ на біялягічным факультэце Ўлад Чуган патлумачыў карэспандэнту Свабоды, што гэта было зроблена, каб прыцягнуць увагу да дабрачыннасьці.

«На дабрачыннасьць людзі звычайна не ідуць, таму мы напісалі жартам, каб прыйшлі. І там наступным пастом напісана, што гэта быў жарт. Людзей трэба нечым прыцягнуць і мы зрабілі гэта так. Інфармацыя з бонусамі — гэта быў жарт», — пракамэнтаваў прадстаўнік БРСМ.

На просьбу пракамэнтаваць тлумачэньні выкладчыкаў пра бонусы ў 1–2 балы на экзамэнах Улад Чуган адказаў, што «магчыма, у вас непраўдзівая інфармацыя»: «Мы прадаём на базары нашу прадукцыю, і ня больш за тое».

Гэтак жа выказалася і першая намесьніца сакратара БРСМ БДУ Кацярына Кавалёва: «Такое проста немагчыма зрабіць ва ўнівэрсытэце, каб за нешта прадаваць адзнакі. Гэта проста як першакрасавіцкі жарт».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG