Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Парвалі барабанную перапонку і сухажыльле перадплечча». Актывісты паведамілі ў МУС пра катаваньні ў вязьніцах


Архіўнае фота. У папраўчай калёніі № 3 у Віцебску, дзе цяпер сядзіць Тарас Аватараў
Архіўнае фота. У папраўчай калёніі № 3 у Віцебску, дзе цяпер сядзіць Тарас Аватараў

Зварот у Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў МУС Беларусі перадалі грамадзкія актывісты і сваякі вязьняў, пра якіх вядома, што яны сталі ахвярамі катаваньняў з боку турэмнікаў і апэратыўных супрацоўнікаў.

18 сьнежня актывістка Вольга Мікалайчык аднесла яго ў прыёмную дэпартамэнту. У дакумэнце апавядаецца пра Міхаіла Жамчужнага, Тараса Аватарава і Расьціслава Сьветчыкава.

«Спыніцеся! Нам гэтыя факты нагадалі катаваньні ў вязьніцах НКВД», — пішуць аўтары звароту і заклікаюць кіраўніцтва дэпартамэнту тэрмінова расьсьледаваць скаргі сваякоў вязьняў.

Маці Аватарава заявіла пра запалохваньне сына ў вязьніцы

Людміла Посьпіх, маці Тараса Аватарава, былога добраахвотніка, які ваяваў ва Ўкраіне, а па вяртаньні ў Беларусь быў асуджаны на 5 гадоў за правоз боепрыпасаў, занепакоеная сытуацыяй з сынам.

Паводле яе, у Віцебскай калёніі № 3, дзе ўтрымліваюць сына, ягонаму жыцьцю пагражаюць. Хто дакладна, маці невядома, бо лісты ад сына даўно не даходзяць, але яна лічыць, што пагрозы жыцьцю, якія ідуць ад некаторых вязьняў, ініцыюе адміністрацыя калёніі.

Людміла Посьпіх
Людміла Посьпіх

«Другі месяц ён ня сьпіць начамі, бо вымушаны пільнаваць, каб на яго не напалі. Спачатку я даведалася пра гэта з інтэрнэту, пасьля дня адкрытых дзьвярэй, але калі паскардзілася ў адміністрацыю калёніі, мне адказалі, што ніякай пагрозы няма. Але ў сьнежні сын змог пазваніць і пацьвердзіў, што пагрозы працягваюцца. Нарэшце ад яго прыйшла паштоўка з такімі словамі: „Вось і закончыўся бяссонны лістапад“. Тады я пачала зноў біць трывогу».

Сёньня Людміла Посьпіх прынесла паштоўку ад сына ў грамадзкую прыёмную Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў МУС, каб паказаць яе як доказ ціску на сына. З жанчынай гутарыў намесьнік апэратыўнага ўпраўленьня ДВП МУС Іван Мысьліцкі. Пасьля прыёму Людміла была расчараваная.

«Маю інфармацыю пра сытуацыю з сынам прынялі, зноў дзяжурнымі словамі запэўнілі, што зь ім нічога дрэннага не адбываецца, але, мяркуючы па ўсім, гэта для іх не сыгнал для хуткага разбору па-сутнасьці.

Сын аказаўся ў асаблівай катэгорыі вязьняў нездарма, на яго ціснуць з палітычных прычын, што быў добраахвотнікам ва Ўкраіне. І калі зьверху загад не адменяць, нічога ў ягонай вельмі дрэннай сытуацыі ня зьменіцца», — мяркуе маці вязьня.

Пад час суду жыхар Наваполацку Тарас Аватараў не прызнаў сябе вінаватым і працягвае дамагацца адмены выраку, які вынес яму Фрунзенскі раённы суд Менску.

«Парвалі барабанную перапонку, сухажыльле перадплечча»

Пра драматычную гісторыю свайго сына Расьціслава расказаў ягоны бацька Ўладзімер Сьветчыкаў. Бацька вязьня жодзінскай турмы, якога суд прызнаў вінаватым у дапамозе забойцу, мяркуе, што прызнальных паказаньняў ад сына апэратыўнікі дамагліся катаваньнямі.

«Сына білі, падвешвалі за рукі, так парвалі сухажыльле перадплечча; ударам у вуха пашкодзілі барабанную перапонку, у выніку сын перастаў чуць на адно вуха. Прымусілі вывучыць прызнаньне і зачытаць перад камэрай, але ў судзе ён ад усяго адмовіўся.

Затрымалі сына амаль два гады таму, і пакуль ішло сьледзтва ды суд, у нас было толькі адно спатканьне. Вось тады сын і змог расказаць пра катаваньні на сьледзтве; пра тое, як зь яго выбівалі прызнаньне віны», — кажа Ўладзімер Сьветчыкаў.

Са скаргі па справе Расьціслава Сьветчыкава
Са скаргі па справе Расьціслава Сьветчыкава

Паводле бацькі вязьня, ён паскардзіўся ў пракуратуру, напісаў ліст Аляксандру Лукашэнку, які падпісалі дзясяткі людзей, што ведаюць сына.

«Пакуль марна, выніку няма. Яшчэ будзе абскарджаньне прысуду ў Вярхоўным судзе, спадзяёмся на яго. Але тое, што з сынам цяпер адбываецца ў жодзінскай турме, трэба спыніць. Бо там на яго спрабуюць „навесіць“ ужо новае злачынства, пра якое ён нават ня чуў», — кажа Уладзімер Сьветчыкаў, які таксама падпісаў зварот актывістаў у Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў МУС.

Зварот не зарэгістравалі

Актывістка Вольга Мікалайчык, якая аднесла зварот у прыёмную начальніка дэпартамэнту, расказала на выхадзе з установы:

Вольга Мікалайчык
Вольга Мікалайчык

«Зварот прынялі, але чамусьці яшчэ не зарэгістравалі і нумару не паведамілі. Сказалі, што паведамяць нумар рэгістрацыі ў канцы працоўнага дня. Але хай ведаюць, што мы не супакоімся і будзем далей біць трывогу пра катаваньні ў беларускіх турмах. Трэба, каб тэрмінова разьбіраліся ў кожным выпадку, які мы згадваем у звароце.

А яшчэ мы патрабуем сапраўднага грамадзкага кантролю над месцамі зьняволеньня», — паведаміла журналістам Вольга Мікалайчык.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG