Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз чакае рэформы беларускага выбарчага заканадаўства


Эўрапейскі зьвяз лічыць, што Беларусі неабходна правесьці ўсёабдымную рэформу выбарчага заканадаўства перад прэзыдэнцкімі і парлямэнцкімі выбарамі ў 2020 годзе.

Пра гэта паведамляе прадстаўніцтва ЭЗ у Беларусі па выніках шостай сустрэчы каардынацыйнай групы ЭЗ і Беларусі, якая прайшла ў Брусэлі.

Удзельнікі сустрэчы абмеркавалі «наступныя крокі да завяршэньня перамоў наконт прыярытэтаў партнэрства ЭЗ і Беларусі». Іх выкананьне будзе азначаць «новы этап узаемадзеяньня паміж ЭЗ і Беларусьсю».

Што да рэформы выбарчага заканадаўства, то ЭЗ чакае, што Беларусь улічыць рэкамэндацыі Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека, а таксама Вэнэцыянскай камісіі.

«Пытаньні правоў чалавека і дэмакратыі былі важнай часткай дыскусій», — гаворыцца ў паведамленьні прадстаўніцтва Эўразьвязу.

ЭЗ чакае, што Беларусь «цалкам рэалізуе свой Нацыянальны плян па правах чалавека і палепшыць сытуацыю ў галіне свабоды СМІ і сходаў».

«Эўразьвяз нагадаў аб сваім непрыманьні сьмяротнага пакараньня пры любых абставінах і падкрэсьліў перавагі ўвядзеньня мараторыя ў якасьці першага кроку для яго адмены».

ЭЗ таксама паставіў на абмеркаваньне некаторыя канкрэтныя выпадкі, зьвязаныя з забесьпячэньнем правоў чалавека.

Наступная сустрэча каардынацыйнай групы плянуецца ў першай палове 2019 года ў Менску.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG