Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Цяжкія гады прайшлі, але давер павінен скласьціся паступова». Дэпутат бундэстагу Дзірк Візэ пра супрацоўніцтва ЭЗ і Беларусі


Дзірк Візэ
Дзірк Візэ

Каардынатар ураду Нямеччыны ў пытаньнях міжграмадзкага супрацоўніцтва з Расеяй, Цэнтральнай Азіяй і краінамі Ўсходняга партнэрства, дэпутат бундэстагу Дзірк Візэ заявіў, што ў дачыненьнях Эўразьвязу зь Беларусьсю «прысутнічае і скепсіс, асабліва што тычыцца сытуацыі з правамі чалавека».

«Тут чакаюцца рэформы. І Беларусь дзякуючы такім рэформам можа даць ЭЗ сыгнал, што яна гаворыць зь ім на адной мове. Гэта тычыцца і адмены сьмяротнай кары, і забесьпячэньня свабоды слова», — сказаў падчас выступу на Менскім форуме Дзірк Візэ.

У ліпені прайшоў пяты дыялёг у пытаньнях правоў чалавека паміж ЭЗ і РБ з удзелам партнэраў з грамадзянскай супольнасьці.

«Ёсьць і іншыя станоўчыя сыгналы», зазначыў нямецкі урадовец.

Дзірк Візэ згадаў, што быў сфармуляваны нацыянальны плян у праблематыцы правоў чалавека, адносна рэалізацыі якога прадстаўлена справаздача на міжнароднай арэне. Таксама спрасьцілася працэдура рэгістрацыі няўрадавых арганізацый.

«Калі працягнецца рух па гэтым шляху, то гэта стане істотным фактарам паляпшэньня і разьвіцьця адносінаў з ЭЗ. Я быў бы рады, калі б Беларусь нарэшце зноў вярнулася ў склад Рады Эўропы, якая найбольш ярка ўвасабляе каштоўнасьці, якія аб’ядноўваюць Эўропу. І яшчэ адным станоўчым сыгналам быў бы дазвол вярнуцца ў Беларусь палітычным фондам Нямеччыны — імя Конрада Адэнаўэра і імя Фрыдрыха Эбэрта», — сказаў Дзірк Візэ.

Паводле прадстаўніка Нямеччыны, адносіны паміж Беларусьсю і ЭЗ «шматбаковыя і апошнія гады разьвіваліся са станоўчай тэндэнцыяй».

«Цяжкія гады прайшлі, але давер павінен скласьціся паступова. Калі ў красавіку 2016 году быў запушчаны пастаянны дыялёг супрацоўніцтва, то было ясна, што ў ім будуць браць удзел ня толькі прадстаўнікі ўраду але і грамадзянскай супольнасьці. І менавіта гэта стварае рамку паляпшэньня стасункаў паміж ЭЗ і РБ. Менавіта яны вызначаюць шляхі працы ў галіне эканомікі і энэргетыкі, эканамічных рэформаў і паляпшэньня інстытутаў».

Дзірк Візэ сказаў, што было б пажадана, каб хутчэй была падпісана дамова Беларусі з Эўразьвязам аб прыярытэтах партнэрства, «каб хутчэй узяцца за яе рэалізацыю».

Ён вітаў спрашчэньне візавага рэжыму для грамадзянаў больш чым 80 дзяржаваў.

«Цяпер можна чакаць хуткага заключэньня дамоўленасьці паміж ЭЗ і РБ аб спрашчэньні візавага рэжыму. Хаця мы на фінішнай прамой, але трэба яшчэ папрацаваць. Мы не павінны задавольвацца статусам-кво, які склаўся. Я ўпэўнены, што гэта ў інтарэсах абодвух бакоў — выкарыстоўваць наяўныя шанцы для больш інтэнсіўнага дыялёгу», — сказаў Дзірк Візэ.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG