Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскі палітоляг пра зрыў перамоваў зь беларусамі: «Вялікай бяды ня здарылася»


Кірыл Коктыш

Чаму расейскі віцэ-прэм’ер адмовіўся весьці перамовы зь беларускай урадавай дэлегацыяй? Такое пытаньне Радыё Свабода задала расейскаму палітолягу, выкладчыку Маскоўскага дзяржаўнага інстытуту міжнародных зносінаў Кірылу Коктышу

Дзьмітры Козак
Дзьмітры Козак

— Віцэ-прэмʼер РФ Дзьмітры Козак у аўторак на сустрэчы з дэлегацыяй ураду Беларусі ня стаў абмяркоўваць кампэнсацыю стратаў ад падатковага манэўру і магчымыя зьніжкі на газ. Пра гэта паведаміла агенцтва «Інтэрфакс» са спасылкай на крыніцу, блізкую да перамоваў. Паводле крыніцы, віцэ-прэмʼер ня лічыць магчымым абмяркоўваць гэта «да прыняцьця прынцыповых рашэньняў аб руху ў кірунку далейшай інтэграцыі Расеі і Беларусі ў рамках саюзнай дзяржавы» — напісала агенцтва. Кірыл, што азначае гэты дэмарш?

— Гэта азначае, што рыхтуюцца перамовы, нейкае пагадненьне, якое будзе пакетным і будзе ўключаць у сябе і пытаньне цаны на газ, і кампэнсацыю за падатковы манэўр, і магчыма іншыя рэчы. За мінулыя паўгода было некалькі сустрэчаў на вышэйшым узроўні. Кожны раз абмяркоўваліся сурʼёзныя пытаньні. Так што мяркую, што гэтыя пытаньні чарговы раз будуць вынесеныя на найвышэйшы ўзровень, а Козак проста дэкляраваў, што ягоны ўзровень — тэхнічны, і ён ня мае паўнамоцтваў вырашаць пытаньні, якія ставіць беларуская дэлегацыя.

Ігар Ляшэнка, віцэ-прэм'ер Беларусі
Ігар Ляшэнка, віцэ-прэм'ер Беларусі

— Кірыл, вы выкладчык навучальнай установы, якая рыхтуе дыпляматаў. Наколькі гэта карэктна з пункту гледжаньня правілаў дыпляматыі? Прыяжджае дэлегацыя замежнай дзяржавы, на чале яе высокі чыноўнік. А ёй кажуць — нам няма пра што з вамі размаўляць. Пра гэта партнэрам можна было паведаміць да таго, як яны выехалі зь Менску. Гэта выглядае калі не як поўха, то як дэманстрацыя.

— Гэта мог быць і дэмарш, гэта мог быць і працяг традыцыі няўдалых сустрэчаў, якія адбываліся на працягу двух ці трох гадоў паміж Уладзімерам Сямашкам і Дзьмітрыем Козакам, калі Сямашка быў віцэ-прэмʼерам па пытаньнях паліўна-энэргетычнага комплексу. І неяк менавіта з Козакам яны не знайшлі агульнай мовы. Магчыма, гэты досьвед няўдачаў перадаўся і пераемніку Сямашкі, цяперашняму віцэ-прэмʼеру Беларусі па тых самых пытаньнях Ігару Ляшэнку. Зразумела, можна было і папярэдзіць загадзя. Але гэта можна сьпісаць на асабісты стыль адносінаў паміж Козакам і Сямашкам. Ну а на добры розум, дык калі рыхтуецца пакетнае пагадненьне і яно рыхтуецца на найвышэйшым узроўні, варта было папярэдзіць, што пакуль вырашаюць першыя асобы, усім астатнім варта пачакаць.

Уладзімер Сямашка, пасол Беларусі ў РФ, у мінулым - віцэ-прэм'ер Беларусі
Уладзімер Сямашка, пасол Беларусі ў РФ, у мінулым - віцэ-прэм'ер Беларусі

— Ці мае значэньне, што Інтэрфакс пра ўчынак і заявы спадара Козака паведаміў са спасылкай на ананімную крыніцу? Цікава, што пра гэта не паведамілі ні агенцтва «Новости», ні ТАСС, ні Рэгнум, скажам.

— Інтэрфакс не такое ўжо і знакавае агенцтва ў РФ. Афіцыйна пра намеры, пляны і дзеяньні ўладаў паведамляюць «Новости» і ТАСС. Пазыцыю контрэліты агучыў бы Рэгнум, тэлеграм-каналы кшталту «Незыгарь». Інтэрфакс — ня тое агенцтва, якое задае трэнд. Шкада, калі паміж Козакам і Ляшэнкам адбылася такая недарэчнасьць, але вялікай бяды ад гэтага ня здарылася. Проста тэхнічнае пытаньне было перасунутае па часе.

— Вы напачатку сказалі, што напэўна рыхтуецца пакетнае пагадненьне. Сапраўды, Лукашэнка шмат разоў сустракаўся з Пуціным сёлета. Але падчас гэтых сустрэчаў публічна гучалі толькі пажаданьні беларускага боку. Лукашэнка ў даволі бурнай форме ў Санкт-Пецярбургу выказаў пажаданьне, каб газ быў больш танным, гучалі пажаданьні наконт кампэнсацыяў за падатковы манэўр, наконт доступу да расейскага рынку і г. д. Чаго хоча Беларусь — больш менш зразумела. А чаго хоча Расея? Пуцін не гаворыць на гэты конт ні слова. Мы хацелі б вайсковую базу, прызнаньня Абхазіі, усталяваньня пасады саюзнага прэзыдэнта — нічога з гэтага ці падобнага не гаворыцца. Можа вы ведаеце, чаго б хацела Расея?

Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін
Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін

​— Мы можам толькі гадаць. Расея будзе зацікаўленая ў захаваньні саюзу з Беларусьсю, у тым, каб Беларусь была стабільнай. Больш сурʼёзныя ўмовы будуць вылучацца, калі будзе паглыбляцца індустрыяльная і вайсковая каапэрацыя. Беларусь патрабуе паўнавартаснага доступу на эўразійскі рынак. І Расея магла б гэта даць. Аднак і сустрэчныя абавязкі Беларусі будуць замацоўваць яе геапалітычную арыентацыю.

— Той жа Козак сказаў пра паглыбленьне інтэграцыі, як пра ўмову вырашэньня практычных пытаньняў па газу і нафце. А вы гаворыце пра захаваньне цяперашняга ўзроўню інтэграцыі. Захаваньне — гэта не паглыбленьне па вызначэньні.

— Публічна пажаданьні не былі агучаныя. Мы можам толькі спэкуляваць. На палітычным узроўні ніякіх зьменаў, наколькі я ведаю, не плянуецца. Расея была зацікаўленая ў большай каардынацыі зьнешняй палітыкі, памежнай палітыкі. Розныя ведамствы пра гэта заяўлялі. Але гэта ўсё ж удасканаленьне таго, што ёсьць. Пакуль прыкметаў кардынальных зьменаў у гэтым не бачна. Хаця выключаць нельга нічога.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG