Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Самалёт «Белавія», пашкоджаны ва Ўкраіне, мае аднавіць палёты з наступнага тыдня

Аэрапорт «Барыспаль», ілюстрацыйнае фота
Аэрапорт «Барыспаль», ілюстрацыйнае фота

Генэральны дырэктар кампаніі «Белавія» Анатоль Гусараў расказаў БелТА пра стан самалёта, які трапіў у наземную аварыю 9 сьнежня ў аэрапорце «Барыспаль» пад Кіевам.

«Самалёт атрымаў нязначныя пашкоджаньні, — заявіў Гусараў. — Мы ўжо змаглі з гэтым цалкам разабрацца: патрэбныя невялікія рамонтныя работы.

Плянуецца, што да канца гэтага тыдня самалёт вернецца ў Менск, дзе, магчыма, яшчэ раз будуць праведзеныя праверачныя тэхнічныя працы. На наступным тыдні самалёт будзе лётаць».

Ён дадаў, што ў дзень аварыі ў «Барыспалі» былі «вельмі складаныя мэтэаўмовы», а таксама што дагэтуль праз туманы аэрапорты ў Кіеве, Кішынёве, Калінінградзе і Вільні маюць цяжкасьці з прыёмам самалётаў.

У камэнтары Onliner.by Гусараў таксама расказаў, што пашкоджаньні самалёта «чыста зьнешнія» і нязначныя. Хоць вяртаньня самалёта да рэйсаў чакаюць на наступным тыдні, працэс ня стануць паскараць – абяцаюць «грунтоўна паглядзець» яго яшчэ раз у Менску. Вяртаньне самалёта ў Беларусь чакаюць у канцы бягучага тыдня.

***

Самалёт Boeing 737-500 кампаніі «Белавія», які выконваў палёт зь Менску ў Кіеў, увечары 9 сьнежня пасьля пасадкі зачапіў зямлю стойкай шасі (першапачаткова сьцьвярджалася, што самалёт зьбіў ліхтар). Ніхто з пасажыраў і экіпажу не пацярпеў, неўзабаве пасьля аварыі самалёт працягнуў рух па пасадачнай паласе.

XS
SM
MD
LG