Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейская пятля зацягваецца


Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімер Пуцін на радзіме кіраўніка Беларусі ў вёсцы Александрыя 12 кастрычніка 2018 году.
Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімер Пуцін на радзіме кіраўніка Беларусі ў вёсцы Александрыя 12 кастрычніка 2018 году.

Віцэ-прэм’ер Расеі Дзьмітрый Козак заявіў на сустрэчы з беларускай урадавай дэлегацыяй, што не зьбіраецца абмяркоўваць эканамічныя тэмы без «прыняцьця прынцыповых рашэньняў аб руху ў кірунку далейшай інтэграцыі Расеі і Беларусі ў рамках Саюзнай дзяржавы», паведаміла агенцтва Інтэрфакс.

Гэта, калі не памыляюся, першая за некалькі гадоў заява з вуснаў такога высокапастаўленага крамлёўскага чыноўніка, у якой з гэткай непасрэднасьцю ставіцца пытаньне, фактычна, пра перадачу Беларусьсю пэўнай (хай пакуль і не названай) часткі свайго сувэрэнітэту.

Ці азначае гэта, што, як пішуць у сацыяльных сетках, для Лукашэнкі надышоў час плаціць па вэкселях? І ў чым ўвасобіцца тая расплата — у расейскую вайсковую базу, у перададзеныя маскоўскаму бізнэсу беларускія прадпрыемствы, а можа — ва ўвядзеньні расейскага рубля? Ці — у нечым іншым?

На каленях у Расею

Адзінае, што пэўна ва ўсёй гэтай сытуацыі нявызначанасьці — тое, што склалася яна цалкам па віне кіраўніка Беларусі.

Яшчэ ў верасьні 1993 году дэпутат Аляксандар Лукашэнка заявіў, што гатовы «на каленях паўзьці ў Расею». Са зьменай дэпутацкага статусу на прэзыдэнцкі поўзаньню быў нададзены характар дзяржаўнай палітыкі. Прычым адразу ж пасьля інаўгурацыі.

У ліпені 1994-га адміністрацыя новаабранага прэзыдэнта падтрыхтавала Дамову аб супрацоўніцтве паміж Беларусьсю і Расеяй. Экспэртная група Ценявога кабінэту Апазыцыі БНФ вызначыла некалькі дзясяткаў палажэньняў, якія ставілі Беларусь у залежнае становішча перад Масквой. Сваё абгрунтаваньне экспэрты перадалі кіраўніку адміністрацыі Леаніду Сініцыну. Адказам было — маўчаньне.

Два гады (1994-1996) пайшлі на зачыстку палітычнага поля ад «варожага нацыянальнага элемэнту» (ніводзін прадстаўнік БНФ ня быў прапушчаны ў парлямэнт, сотні пратэстоўцаў зь ліку тысяч, што выйшлі на вуліцы супраць інтэграцыі, былі зьбітыя, затрыманыя, асуджаныя), і далей пайшло па нарастаючай.

  • Красавік 1996-га — падпісаньне дамовы аб стварэньні Супольнасьці Расеі і Беларусі (тагачасны старшыня ВС-13 Сямён Шарэцкі назваў той дзень «самым шчасьлівым у жыцьці»).
  • Красавік 1997 — Дамова аб Саюзе Беларусі і Расеі.
  • Сьнежань 1998 — дамова «Аб далейшым яднаньні Рэспублікі Беларусь і Расейскай Фэдэрацыі».
  • І, нарэшце, 8 сьнежня 1999 Ельцын і Лукашэнка падпісваюць дамову аб стварэньні адзінай Саюзнай дзяржавы.

«Гэта ня толькі сумная справа, гэта ўвогуле злачынства стагодзьдзя. Гэта, безумоўна, генацыд беларускай нацыі — канец яе гісторыі. Інакш да гэтага паставіцца нельга», — такімі словамі ў дзень падпісаньня пракамэнтаваў падзею для Радыё Свабода Васіль Быкаў.

Далейшыя падзеі нібыта паказалі, што Быкаў пасьпяшаўся з вызначэньнем Дамовы як «канца гісторыі» беларускай нацыі — але і тыя, хто бачыў у Саюзнай дзяржаве ўсяго толькі прапагандысцкі грукат ды сынэкуру для чынавенства, былі далёкія ад ісьціны.

Роля Беларусі ў «саюзе»

У наступныя гады Саюзная дзяржава, як выказваліся ініцыятары яе стварэньня, «напаўнялася зьместам» — ад агульнай мытнай прасторы да агульнай сыстэмы проціпаветранай абароны.

Стратэгічна, Беларусь выконвала ролю вайскова-палітычнага фарпосту Масквы на заходнім кірунку — доўгі час паміж Воршай і Крамлём не было ніводнай расейскай вайсковай часткі (калі не лічыць той жа крамлёўскі полк). Менавіта таму, на мой погляд, памыляюцца тыя, хто кажа, што Расея «карміла» Беларусь таннымі нафтай і газам.

Не, не карміла, тое была плата за абарону інтарэсаў Расеі, бо разьмяшчэньне ў Смаленскай, Бранскай ды Пскоўскай абласьцях вайсковай групоўкі, прыблізна роўнай беларускаму войску, каштавала б для Масквы куды болей, чым газавыя ды нафтавыя прэфэрэнцыі.

Лукашэнку такая сытуацыя цалкам задавальняла: навошта эканамічныя рэформы, калі можна з выгодай гандляваць геапалітычным становішчам? Прычым, як падавалася, бясконца: у геапалітыцы, як вядома, апэруюць ня годам і не трыма, а значна больш працяглымі тэрмінамі. Аказалася — так, працяглымі, але не бясконцымі. І рана ці позна надыходзіць момант, калі геапалітычны рэсурс вычэрпваецца.

Яшчэ адна адметнасьць у гісторыі беларуска-расейскай інтэграцыі

Інтэграцыя спалучалася з падаўленьнем грамадзянскіх свабодаў, усялякай грамадзкай ініцыятывы і, што асабліва істотна — усяго таго, што складае нацыянальную ідэнтычнасьць.

Мела інтэграцыя Беларусі і Расеі таксама і істотнае адрозьненьне ад, да прыкладу, узаемаадносінаў Ерэвану і Масквы (Армэнія і ў палітычным, і ў эканамічным, і ў вайсковым сэнсах моцна прывязана да Расеі — дастаткова нагадаць наяўнасьць там расейскіх вайсковых базаў).

Але ў Армэніі не заганялі ў гета армянскую мову, не пераводзілі выкладаньне ў школах на мову расейскую, не выкрэсьлівалі з падручнікаў згадкі пра нацыянальных герояў, не адмаўляліся ад гістарычных сымбаляў. Вось неяк удалося армянскім лідэрам захаваць нацыянальны гонар.

Беларускі ж лідэр пачаў якраз са зьневажаньня нацыянальных сьвятыняў, адмовіўшыся на праведзеным з парушэньнем Канстытуцыі рэфэрэндуме 1995 году ад «Пагоні», бел-чырвона-белага сьцяга і статуса беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай. Далей было шмат што, і калі ў верасьні 1993 году 80% першаклясьнікаў пайшлі ў беларускамоўныя клясы, дык сёньня ў абласных цэнтрах няма ніводнай беларускамоўнай школы.

Шмат якія маладыя людзі, папросту, ня ведаюць значэньне элемэнтарных беларускіх слоў, у чым я нядаўна пераканаўся ў Віцебску.

Пра што мараць тыя, хто расчараваўся ў Лукашэнку

І яшчэ адно віцебскае ўражаньне: тыя, хто раней падтрымліваў Лукашэнку, сёньня яго лаяць такімі словамі, што працытаваць іх тут няма ніякай магчымасьці. Але ня думаю, што іх настроі ўзрадуюць апанэнтаў Лукашэнкі, бо людзі завяршаюць свае тырады фразай: «Пусть бы пришёл Путин и забрал нас в Россию, там зарплаты больше, и пенсии — тоже».

Калі нехта (ці з уладных кабінэтаў, ці з апазыцыі) мяркуе, што такія людзі выступяць у абарону беларускай незалежнасьці ці хаця б прагаласуюць за яе — ён глыбока памыляецца.

Калі нехта мяркуе, што такіх людзей няшмат — ён займаецца самападманам. Амаль 25 гадоў — чвэрць стагодзьдзя — вярхоўная ўлада рабіла ўсё, каб іх было як мага болей.

Калі нехта разьлічвае, што, умоўна кажучы, расейская пятля зацягваецца толькі на шыі таго, хто нясе адказнасьць за краіну — ён памыляецца.

У закладніках — краіна.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG