Чэхія і Францыя сёньня сумесна арганізавалі ў розных гарадах сьвету сьняданкі зь мясцовымі праваабаронцамі. Мерапрыемства праводзіцца ў гонар 30-годзьдзя сьняданку былога прэзыдэнта Францыі Франсуа Мітэрана з чэхаславацкімі дысыдэнтамі.
Паводле міністра замежных спраў Чэхіі Томаша Петрычка (Tomáše Petříčka), акцыя скіраваная на падтрымку апазыцыі ў несвабодных краінах.
Петрычак нагадаў, што колішні сьняданак Мітэрана з чэхаславацкімі дысыдэнтамі падтрымаў апазыцыю супраць камуністычнага рэжыму і спрыяў Аксамітнай рэвалюцыі ў 1989 годзе «Выказваньне падтрымкі тым, хто абараняе правы і свабоды чалавека застаецца важным сёньня, асэнсаваньне нашага ўласнага гістарычнага вопыту абавязвае нас да гэтага», — сказаў міністар.
У працяг ініцыятывы Мітэрана Чэхія і Францыя сумесна арганізуюць у сваіх пасольствах сымбалічныя сьняданкі, падобныя да таго, які прайшоў у 1988 годзе. У амбасаду Францыі ў Празе былі запрошаныя актывісты, якія займаюцца правамі чалавека ў Беларусі, Азэрбайджане, Бірме, Віетнаме і Кубе, а таксама трое ўдзельнікаў сьняданку з Мітэранам у 1988 годзе: былыя чэскія дысыдэнты Пэтэр Угл і Вацлаў Малы, а таксама былы сакратар прэзыдэнт Францыі Жан Мустэлі.
На сьняданак запрасілі і прадстаўніцу грамадзкай арганізацыі ў Чэхіі «Грамадзянская Беларусь» (Občanské Bělorusko). Арганізацыя, заснаваная яшчэ пры ўдзеле колішняга прэзыдэнта Чэхіі Вацлава Гаўла, займаецца падтрымкай недзяржаўных ініцыятываў у Беларусі, якія пазбаўленыя там права дзейнічаць легальна.
«Удзельнікі ўзгадвалі, як падобная акцыя адбывалася 30 гадоў таму і гаварылі, як важна ў сучасным сьвеце падтрымліваць правы чалавека», — распавяла Свабодзе ўдзельніца сьняданку з «Грамадзянскай Беларусі».
Сьняданак зь мясцовымі дысыдэнтамі таксама пройдзе ў чэскай альбо францускай амбасадах у Армэніі, М’янме, Малдове, Расеі і Кубе. «Мы прапануем нашу падтрымку ў месцах, дзе людзі за свабоднае выказваньне меркаваньняў і крытыку ўраду дагэтуль сядзяць у турме або перасьледуюцца», — сказаў Петрычак.
Міністар адзначыў, што сёньняшняя падзея зьяўляецца часткай палітыкі, накіраванай на абарону правоў чалавека, якую Чэхія разглядае як важную частку сваёй зьнешняй палітыкі. Акрамя таго, Міністэрства ў наступным годзе выдзеліла грошы са свайго бюджэту для падтрымкі грамадзянскай супольнасьці і свабодных СМІ ў краінах, дзе парушаюцца правы чалавека. Паводле Петрычка, Чэхія павінна дапамагаць праваабаронцам у доўгатэрміновай пэрспэктыве і павінна быць гатовая прапанаваць замежным дысыдэнтам прытулак.