Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Армэніі затрыманы расейскі вайсковец: яго падазраюць у забойстве жанчыны


Намесьнік міністра абароны РФ Руслан Цалікаў (другі справа) падчас візыту на расейскую вайсковую базу ў Гюмры
Намесьнік міністра абароны РФ Руслан Цалікаў (другі справа) падчас візыту на расейскую вайсковую базу ў Гюмры

Прэсавая служба генэральнай пракуратуры Армэніі пацьвердзіла, што вайсковец расейскай вайсковай базы ў Гюмры быў затрыманы паводле падазрэньня ў забойстве мясцовай жыхаркі.

Армянскія СМІ паведамлялі, што забойства адбылося 3 сьнежня: 57-гадовая жанчына памерла ад моцнага зьбіцьця, была распачатая крымінальная справа. Аднак расейскі кансулят у Армэніі ў той жа дзень заявіў: «Зьвярнулі ўвагу публікацыі ў шэрагу армянскіх СМІ аб дачыненьні службоўца расейскай вайсковай часткі ў Гюмры да забойства грамадзянкі Армэніі. Выклікае зьдзіўленьне падобны непрафэсійны падыход да працы з інфармацыяй, калі цалкам ігнаруецца прэзумпцыя невінаватасьці і пад „крыклівымі“ загалоўкамі тыражуюцца неправераныя і непацьверджаныя зьвесткі».

У расейскім пасольстве таксама заявілі, што абвінавачваньні на адрас расейскіх вайскоўцаў — «безадказныя паводзіны», якія «у няпросты перадвыбарчы пэрыяд гуляюць на руку тым сілам, якія хочуць убіць клін у стратэгічныя і традыцыйна дружалюбныя адносіны паміж Армэніяй і Расеяй».

У студзені 2015 году са 102-й расейскай вайсковай базы ў армянскім Гюмры дэзэрціраваў са зброяй расейскі салдат тэрміновай службы Валеры Пермякоў. Па дарозе да турэцкай мяжы ён зайшоў у дом сям’і Авецісян і забіў усіх, хто знаходзіўся ўнутры, уключаючы паўгадовае немаўля. Гэта злачынства выклікала хвалю абурэньня ў Армэніі.

23 жніўня 2016 году суд у Гюмры прызнаў Пермякова вінаватым у забойстве сямі чалавек і прысудзіў яго да пажыцьцёвага зьняволеньня. Пазьней, у траўні 2017 году Мінюст Армэніі распарадзіўся перадаць Расеі Пермякова для адбыцьця пакараньня на радзіме. Гэтае рашэньне таксама выклікала пратэсты: многія жыхары Армэніі настойвалі, што Пермякоў павінен адбываць тэрмін там, дзе ўчыніў злачынства.

На 102-й базе ў Гюмры на поўначы Армэніі разьмешчаныя каля 5 тысяч расейскіх салдат. У 2010 годзе Армэнія і Расея падпісалі пагадненьне аб працягу тэрміну арэнды базы да 2044 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG