Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Партыя Пашыньяна з адрывам перамагла на выбарах у Армэніі. Папярэднія лічбы


Нікол Пашыньян
Нікол Пашыньян

На пазачарговых парлямэнцкіх выбарах у Армэніі, якія прайшлі ў нядзелю, 9 сьнежня, блёк «Мой крок» перамагае са значным адрывам. Былая кіроўная Рэспубліканская партыя не трапляе ў новы парлямэнт, бо набрала менш за 5% галасоў.

«Мой крок» — партыя Нікола Пашыньяна, лідэра вясновых пратэстаў, якія прывялі да адстаўкі папярэдняга прэм’ера Сэржа Саргсьяна. Цяпер Пашыньян выконвае абавязкі прэм’ер-міністра. Парлямэнт быў распушчаны: як і задумваў Пашыньян, «старыя» дэпутаты двойчы ня выбралі яго прэм’ерам.

Паводле лічбаў Цэнтральнай выбарчай камісіі на раніцу 10 сьнежня, вынікі такія:

  • «Мой крок» — 70,43%;
  • «Квітучая Армэнія» — 8,27% (лідэр — алігарх Ґаґік Царук’ян);
  • «Сьветлая Армэнія» — 6,37% (лідэр — колішні паплечнік Пашыньяна па блёку «Ельк» Эдмон Марук’ян).

Іншыя партыі не пераадолелі бар’ер у 5%. Рэспубліканская партыя набрала 4,7%, а адна з найстарэйшых партыяў краіны, сацыялістычная «Дашнакцут’юн», — 3,89%.

Пашыньян: Яўка нізкая, бо не было накрутак

Яўка на выбарах склала, паводле папярэдніх зьвестак, 48,63%.

«Калі мы прасочым прэсу за апошнія 15 гадоў, то ўбачым, пра што апазыцыя і грамадзянская супольнасьць кажуць кожны раз пасьля выбараў і што пішуць журналісты, — адзначыў у камэнтары армянскай Свабодзе Нікол Пашыньян. — Яны кажуць, што ўлада заўсёды мае некалькі сотняў тысяч галасоў у якасьці рэсурсу, які яна выкарыстоўвае. Гэта адсутныя выбаршчыкі, памерлыя выбаршчыкі. Акрамя таго, вы бачылі, што на гэтых выбарах грамадзян Рэспублікі Армэніі не прымушалі ісьці на выбарчыя ўчасткі, а грамадзяне ішлі на выбары добраахвотна».

На ягоную думку, фактарам было і тое, што выбарнікі «ня бачылі інтрыгі».

«Я бачыў, як многія, у тым ліку журналісты, ацэньвалі працэс галасаваньня як сумны. І я думаю, што гэта найлепшая ацэнка», — таксама заявіў Пашыньян.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG