Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крыўда беларуская


Такія думкі прыйшлі ў галаву пасьля прачытаньня трох нядаўніх кніг двух беларускіх пісьменьнікаў.

Не дарэмна Янку Купалу называюць прарокам. Сапраўды, беларусы дагэтуль «нясуць на худых плячах... сваю крыўду».

Крыўда беларуса вялікая, глыбокая, пакутная, злая і, часьцей, патаемная. Яна не дае жыць беларусу і перашкаджае яго дачыненьням з навакольлем, якое спрэс беларуса крыўдзіць. А крыўдзяць яго сваякі, сябры, калегі, суседзі, суайчыньнікі, чужынцы і іншаземцы.

Пакрыўджаны беларус глядзіць з-пад ілба і скоса, вусны падцятыя. У вачах недаўменьне, цікаўнасьць, сум, раздражненьне, разуменьне і нават намёк на помсту.

Беларус крыўдуе ня толькі на тых, хто яго крыўдзіць, але і на тых, хто кантактуе з тымі, што яго крыўдзяць. У крыўдзе беларус інфантыльны настолькі, што не разумее розьніцы паміж імі.

Дзіцячае недаўменьне пакрыўджанага беларуса робіць яго ва ўласных вачах яшчэ большай ахвярай, чым ёсьць насамрэч. І гэтае ж дзіцячае неўразуменьне робіць яго цнатлівым і не дазваляе крыўдаваць на яго самога.

Беларус крыўдуе і на сябе — за тое, што ня даў адкрытай водпаведзі крыўдзіцелю або за тое, што даў яе не адразу і не дастаткова.

Праз гэта крыўда беларуса часта бывае крыптакрыўдаю. І яго адказ на крыўду часта становіцца крыптаадказам. Вонкавы назіральнік ні тога, ні другога часта ня бачыць.

Усё гэта выклікае вялікую ўнутраную напружанасьць у арганізьме беларуса. Энэргія гэтай напружанасьці часта вырываецца вонкі агрэсіяй. Беларус у гневе можа ўдарыць і словам, і малатком.

У выпадку крыптаадказу пускаецца плётка, няслава, пішацца данос, драпаецца машына і нават робіцца спроба спакусіць жонку крыўдзіцеля або мужа крыўдзіцелькі.

У творчым асяродзьдзі крыптаадказ на крыўду бывае матывам і прычынай мастацкага посьпеху або наадварот — мастацкай няўдачы. Крыўда — гэта семя, зь якога нярэдка растуць беларускія мастацкія вобразы.

У ФБ крыптаадказ зводзіцца да лайкаў апанэнтам крыўдзіцеля і адфрэнджваньня. Ціхая беларуская агрэсія ў ФБ — блякаваньне.

А прычына ўсяго гэтага — сьціпласьць і нерашучасьць.

Беларус проста саромеецца перапытаць у таго, хто яго крыўдзіць: «Выбачайце, калі ласка, вы сапраўды хацелі мяне пакрыўдзіць? І ці пра мяне гэта наогул?»

Адказ у большасьці выпадкаў мог бы беларуса зьдзівіць.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG