У менскім кінатэатры «Цэнтральны» ідзе Першы фэстываль польскіх фільмаў у Беларусі «Вісла».
Фэстываль «Вісла» арганізаваны фондам «Падтрымка» і амбасадай Польшчы ў Беларусі. Ня выключана, што ён стане штогадовым — прынамсі, яго дырэктарка Малгажата Шлягоўска-Скульска мяркуе ўжо, як прывезьці ў наступным годзе ў Менск рэжысэра Кшыштафа Занусі.
З 5 да 9 сьнежня ў «Цэнтральным» дэманструюць агулам восем сучасных польскіх карцін, сярод якіх драмы, камэдыі, гісторыя посьпеху, псыхалягічны трылер і фэнтэзі. Фактычна ў Беларусь прывезьлі фільмы, якія адлюстроўваюць парадак дня сучаснай кінаіндустрыі Польшчы, атрымліваюць фэстывальныя прызы і адлюстроўваюць вобраз польскага кінэматографу ў сьвеце.
У праграме фэстывалю на выходныя — чатыры фільмы розных жанраў.
«Плянэта сынглаў»
8 сьнежня, 14:00
На «Вісьле» маюць паказаць па дзьве карціны рэжысёраў Міці Окарна і Мацея Пепшыцы. Першы здымае камэдыі, робіць сваімі героямі тэле- і радыёвядучых і прадстаўляе, вельмі ў пару, калядную карціну «Лісты да М.» і гісторыю каханьня «Плянэта сынглаў».
«Я — забойца»
8 сьнежня, 19:00
На фэстывальным экране пакажуць таксама псыхалягічны трылер Пепшыцы «Я — забойца», які вяртае нас у 1970-я.
«Каханьне на подыюме»
9 сьнежня, 13:00
Знакамітая польская акторка Барбара Брыльска зьнялася ў адным зь фільмаў, які ўвайшоў у праграму кінафэсту «Вісла», — рамантычнай камэдыі «Каханьне на подыюме», у якой дзяўчына з правінцыі дзякуючы шэрагу выпадковасьцяў аказваецца мадэльлю ў адным з варшаўскіх агенцтваў.
«За сінімі дзьвярыма»
Сямейны фільм у жанры фэнтэзі, маштабны польскі кінапраект са спэцэфэктамі.