Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ня толькі «апошняя дыктатура». Як заходняму журналісту разбурыць стэрэатыпы пра Беларусь


Чаму заходнія мэдыя згадваюць пра Беларусь выключна як пра апошнюю дыктатуру Эўропы? Свабода спытала ва ўдзельнікаў міжнароднага варкшопу Belarus in Focus, як па-іншаму расказваць пра Беларусь замежнай аўдыторыі.

«Я віню сябе кожны раз, калі пішу „Беларусь — апошняя дыктатура Эўропы“»

Эмі Макінан, брытанка, жыве ў ЗША, працуе ў амэрыканскім часопісе Foreign Policy.

«Каб мець нейкія стэрэатыпы, трэба хоць крыху ўяўляць, пра што гутарка. Большасьць амэрыканцаў ня мае аніякага ўяўленьня пра Беларусь. Апошні раз Беларусь часта згадвалася ў навінах падчас пратэстаў 2017 году.

Я віню сябе кожны раз, калі выкарыстоўваю ў сваіх тэкстах выраз „Беларусь — апошняя дыктатура Эўропы“. Аднак гэта ці не адзіны арыентыр для заходняга чытача, які нічога ня ведае пра Беларусь.

Калі я посьціла здымкі зь Менску, мае сябры перапытвалі ў мяне: „О, гэта частка Расеі? Там яшчэ камунізм?“ Я люблю пісаць пра Беларусь. Для замежнага журналіста тут раздольле: прыяжджаеш і сустракаеш паўсюль гісторыі: ад мясцовых дызайнэраў да палітычных пратэстаў.

У Беларусі я ўжо чацьвёрты раз. Мінулым разам я набыла сумку ад беларускага дызайнэра Яўгена Бычкоўскага. Мода ў Беларусі невядомая і цікавая.

Шмат мабільных праграм вырабляюцца менавіта тут, але ніхто пра гэта нават ня ведае. Думаю, замежнай аўдыторыі было б цікава даведацца, што Беларусь мае рэпутацыю ІТ-краіны.

Цікавае назіраньне: чытачоў часта шакуе, што ў аўтарытарных краінах ёсьць жыцьцё. Яны рэагуюць так: „О Божа, тут жывуць ЛГБТ-людзі. Яны існуюць!“ Так, можа быць, ім цяжка існаваць у такіх умовах, але ўсё зьмяняецца. Гэта вялікая краіна, ня вёска, тут жыве некалькі мільёнаў людзей».

«Беларусь здаецца мне бясьпечным месцам»

Ксаўер Колас, жыве ў Маскве, працуе карэспандэнтам у гішпанскім СМІ El Mundo.

«Гішпанскія мэдыя часта выкарыстоўваюць фармулёўку „апошняя дыктатура Эўропы“, калі пішуць пра Беларусь, бо гэта самы просты шлях „прадаць“ гісторыю. У асноўным мэдыя факусуюцца на фігуры Лукашэнкі, бо з палітычнага пункту гледжаньня гэта ненармальна, калі адзін чалавек кіруе краінай з 90-х. Гішпанцы стэрэатыпна ўяўляюць, што ў Беларусі камунізм, бо мала ведаюць пра краіну.

Беларусь здаецца мне бясьпечным месцам, асабліва для турыстаў. Гэта не Паўднёвая Амэрыка, дзе ты лёгка можаш знайсьці праблемы на вуліцы. Тут жывуць адукаваныя людзі, гэта ня бедная афрыканская краіна.

Мяне вельмі цікавіць сытуацыя з правамі жанчын у Беларусі і праблемай хатняга гвалту. І я хацеў бы пра гэта напісаць. Ведаю, што многім гішпанскім актывісткам гэта не спадабаецца і яны будуць думаць, што я проста хачу адцягнуць увагу ад лякальных праблем жанчын у Гішпаніі, але гэта ня так.

Часам я пішу аб праблемах жанчын у Расеі, бо гэта мая праца, і я стараюся параўноўваць сытуацыю з гішпанскай, каб было больш зразумела. Аднак ад актывістак да мяне прылятаюць нэгатыўныя водгукі: „Ты хочаш паказаць, быццам у Гішпаніі ўсё добра з правамі жанчын, а ў іншых краінах кепска“.

Шмат актывістак больш засяроджаныя на правах жанчын у Гішпаніі, чым на сусьветных праблемах. Аднак ніколі ня трэба забываць пра тое, што адбываецца навокал. Яны мусяць гаварыць і пра гэта таксама».

«Усходняя Эўропа ў мэдыя — сьляпая пляма»

Сымона Брунэр, жыве ў Аўстрыі, супрацоўнічае зь нямецкамоўнымі мэдыя, факусуецца на Ўсходняй Эўропе.

«У нямецкамоўных СМІ Беларусь прадстаўленая няшмат. У матэрыялах пра Беларусь у асноўным дамінуюць тэмы „апошняй дыктатуры Эўропы“, „аўтарытарызму“, „сьмяротнага пакараньня“. Для немцаў наагул уся Усходняя Эўропа ў мэдыя — сьляпая пляма. Беларусь прадстаўлена найбольшай колькасьцю клішэ. Агульны стэрэатып — вельмі рэпрэсіўная краіна. Яшчэ пра Беларусь нямецкія выданьні згадваюць у кантэксьце Галакосту.

Калі ты фрылансэр, у цябе няма кантролю над матэрыялам. Памятаю, зрабіла рэпартаж пра Беларусь і даслала яго рэдактару. Там не было нічога пра апошнюю дыктатуру Эўропы, але рэдактар усё адно паставіў у загаловак менавіта гэты выраз. Я думаю, што гэта спрашчэньне рэчаў, бо чытачы, якія не былі ў Беларусі, хутчэй клікнуць на такую падачу. Аднак у сваіх тэкстах пра Беларусь я стараюся разбурыць гэты стэрэатып.

Калі я ў Беларусі, то не адчуваю, што знаходжуся ў той стэрэатыпнай „апошняй дыктатуры Эўропы“. Вядома, гэта аўтарытарная краіна. Але гэта хутчэй мэдыяклішэ. Калі я асьвятляла пратэсты 2017 году, асабіста ў мяне не было праблем з уладамі. Мне цікава было б напісаць пра тое, як разьвіваецца Менск, бо за апошнія гадоў пяць горад моцна зьмяніўся».

«Увесь час мусіш адказваць на пытаньне, навошта амэрыканцу чытаць пра Беларусь»

Брэндан Хофман, фатограф, працуе ў The New York Times, жыве ў Кіеве, супрацоўнічаў з Al Jazeera, Washington Post, Getty Images.

«Загалоўкі пра Беларусь як „апошнюю дыктатуру Эўропы“ ў амэрыканскіх СМІ ня рэдкасьць. Галоўная прычына ў тым, што мноства людзей у Штатах ня маюць аніякага ўяўленьня пра тое, што такое Беларусь і што такая краіна ўвогуле існуе. Калі ты апавядаеш гісторыю, то як рэпартэр увесь час мусіш адказваць на пытаньне, навошта амэрыканцу чытаць пра Беларусь.

Вядома, што дэмакратыя і правы чалавека для Злучаных Штатаў Амэрыкі — галоўны прыярытэт. Таму найкарацейшы шлях данесьці да аўдыторыі навіну пра Беларусь — стварыць нейкі пазнавальны арыентыр. Апошні раз мэдыя сапраўды цікавіліся Беларусьсю падчас выбараў у 2015 годзе.

Чытачу цікава разглядаць краіну праз палітычную лінзу расейска-ўкраінскага канфлікту і таго, як Беларусь у яго ўпісваецца.

Натуральна, акрамя палітыкі, ёсьць яшчэ тэмы, цікавыя замежнаму чытачу. Напрыклад, турызм і эканоміка. Ня думаю, што ў Беларусі з ЗША цесныя гандлёвыя адносіны, але амэрыканцаў можа зацікавіць і тэма гандлёвых сувязяў Беларусі з Кітаем.

Цяпер амэрыканцаў надзвычай цікавіць ІТ-індустрыя, бо гэта буйная частка эканомікі ЗША. Facebook, Google ды іншыя карпарацыі ва Ўсходняй Эўропе маюць офісы і падрадчыкаў, якія замаўляюць паслугі ў беларускіх ІТ-кампаній. Было б натуральна зацікавіцца, як уладкаваная ІТ-індустрыя Беларусі і як яна зьвязаная з амэрыканскай ІТ-індустрыяй».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG