Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Папа Рымскі асудзіў гомасэксуалізм у шэрагах каталіцкага духавенства 


Папа Францішак

Папа Рымскі Францішак выказвае сур’ёзную занепакоенасьць з нагоды гомасэксуальных паводзінаў сярод каталіцкага духавенства, адзначаючы, што гэта адбываецца на фоне таго, як гомасэксуалізм становіцца модным у грамадзтве.

Пантыфік лічыць, што Касьцёл павінен быць патрабавальным пры адборы кандыдатаў да сьвятарства, і падкрэсьлівае неабходнасьць выконваць зарок бясшлюбнасьці, перадае «Голас Амэрыкі».

Гэтыя камэнтары прагучалі ў вялікім інтэрвію папы Францішка гішпанскаму місіянэру Фернанда Прадо, якое было апублікавана на гэтым тыдні ў кнізе «Сіла пакліканьня», выдадзенай адразу на некалькіх мовах.

У інтэрвію, якое пантыфік даў у жніўні летась, ён упершыню гэтак выразна агучыў сваё стаўленьне да гомасэксуалізму, заявіўшы, што гэтай зьяве ня месца ў духавенстве.

Па словах папы Францішка, «гомасэксуалізм — вельмі сур’ёзная рэч, і гэта неабходна належным чынам растлумачыць кандыдатам з самага пачатку».

Паводле вучэньня Рымска-каталіцкай царквы, сама па сабе гомасэксуальнасьць не зьяўляецца грахоўнай, у адрозьненьне ад сэксуальных адносін паміж людзьмі аднаго полу.

Пантыфік дадаў, што людзям, якія праяўляюць гомасэксуальныя паводзіны, ня варта прысьвячаць сябе служэньню Царкве, паколькі сьвятарства патрабуе захаваньня цэлібату. Паводле яго слоў, няправільна, каб служыцелі Царквы «вялі падвойнае жыцьцё».

У інтэрвію пантыфік таксама сказаў: «Складваецца ўражаньне, што ў нашым грамадзтве гомасэксуалізм нават стаў модным, і гэты мэнталітэт у нейкай меры ўплывае і на жыцьцё царквы».

Неўзабаве пасьля ўступленьня ў сан у 2013 годзе папа Францішак, адказваючы на пытаньне журналіста аб гомасэксуалістах сярод каталіцкага духавенства, зрабіў заяву, якое выклікала шырокі рэзананс: «Калі чалавек — гей і пры гэтым імкнецца да Бога і мае добрую волю, то хто я такі, каб яго асуджаць?»

Пазьней, сустракаючыся ў Ватыкане з жыхаром Чылі Хуанам Карласам Крусам — гомасэксуалістам, які стаў ахвярай дамаганьняў з боку сьвятара, — папа Францішак прызнаў, што такім яго стварыў Бог. Пантыфік таксама адзначыў, што да дзяцей гомасэксуальнай арыентацыі неабходна ставіцца з разуменьнем.

Крытыкі, у тым ліку ў шэрагах Каталіцкай царквы, настойваюць, што супярэчлівыя, на іх думку, выказваньні пантыфіка, дэзарыентуюць вернікаў.

Тым часам вакол Ватыкана па-ранейшаму бушуе скандал у сувязі з абвінавачваньнямі ў дамаганьнях з боку сьвятароў.

На працягу многіх гадоў Каталіцкую царкву абвінавачвалі ў тым, што яна не прымае належных захадаў у сувязі з сэксуальнай агрэсіяй з боку сьвятароў па ўсім сьвеце, часьцяком накіраванай супраць хлопчыкаў. Крытыка стала яшчэ больш жорсткай пасьля таго, як Ватыкан даручыў Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў ЗША адкласьці галасаваньне аб мерах па прыцягненьні да адказнасьці біскупаў, якія не змаглі абараніць ахвяраў.

Папа Францішак, які папрасіў прабачэньня за грахі, учыненыя іншымі членамі царквы, склікаў беспрэцэдэнтны саміт біскупаў з усяго сьвету і іншых царкоўных лідэраў, каб абмеркаваць меры па прадухіленьні зьдзяйсьненьня падобных парушэньняў. Мерапрыемства пройдзе ў Ватыкане з 21 па 24 лютага.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG