Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Папа рымскі крытыкуе царкву за пазыцыю па абортах і геях


Папа рымскі Францішак кажа, што царква павінна дыстанцыявацца ад навязьлівай пазіцыі ў дачыненьні да абортаў, кантрацэпцыі і гомасэксуальнасьці.

Пантыфік сказаў, што царква павінна стаць больш міласэрнай або рызыкуе сутыкнуцца з крахам маральных поглядаў «як картачны домік».

У інтэрвію італьянскаму езуіцкаму часопісу «Civilta Cattolica» Францішак заявіў, што ён хацеў бы падвысіць ролю жанчынаў у каталіцкай супольнасьці, якая налічвае 1,2 мільярдаў чалавек.

Аднак ён адзначыў, што гэтыя зьмены ня будуць уключаць у сябе дазвол на жаночае сьвятарства.

Прапануем вам пераклад фрагмэнтаў згаданага інтэрвію папы Францішка, якое было таксама апублікаванае ў амэрыканскім каталіцкім часопісе America па-ангельску. Пераклад зроблены з ангельскай вэрсіі інтэрвію.

Хто такі Хорхэ Марыё Бэргольё?

Папа Францішак: Я — грэшнік. Гэта найбольш дакладнае вызначэньне. Гэта не рытарычная фігура, не літаратурны выраз. Я — грэшнік.

Чаму вы сталі езуітам, сябрам Таварыства Езуса?

Папа Францішак: У гэтым таварыстве ўразілі мяне тры рэчы: місіянэрскі дух, супольнасьць і дысцыпліна. І гэта дзіўна, бо я зьяўляюся вельмі недысцыплінаванай асобай. Але іх дысцыпліна і тое, як яны распараджаюцца сваім часам — гэтыя рэчы моцна мяне ўразілі.

Што Царква павінна казаць разьведзеным і тым, хто зноў уступіў у шлюб, а таксама гомасэксуалістам?

Папа Францішак: У Буэнас-Айрэсе я атрымліваў лісты ад гомасэксуальных асобаў, «сацыяльна параненых» асобаў, якія мне казалі, што ў іхнім адчуваньні Царква заўсёды іх асуджала. Але Царква ня хоча гэтага рабіць. Вяртаючыся самалётам з Рыю-дзі-Жанэйру, я сказаў, што калі гомасэксуаліст зьяўляецца асобай добрай волі і шукае Бога, я ня буду яго судзіць. Кажучы гэта, я сказаў тое, што кажа катэхізіс. Рэлігія мае права выказваць сваю думку на службе ў людзей, але Бог у сваім тварэньні пакінуў нас вольнымі: немагчыма ўмешвацца духоўна ў жыцьцё асобы.

Нехта калісьці запытаўся ў мяне правакацыйным тонам, ці я ўхваляю гомасэксуалізм. Я адказаў яму іншым пытаньнем: «Скажыце мне: Калі Бог глядзіць на гомасэксуаліста, ён адабрае існаваньне гэтай асобы зь любоўю ці выракаецца і асуджае яе?» Нам заўсёды трэба ўзважыць гэтую асобу.

Пра якую Царкву вы марыце?

Папа Францішак: Мы ня можам настойваць толькі на пытаньнях, зьвязаных з абортамі, аднаполымі шлюбамі і выкарыстаньнем мэтадаў кантрацэпцыі. Гэта немагчыма. Я няшмат выказваўся пра гэтыя рэчы, і мяне за гэта папікалі. Але калі мы гаворым пра гэтыя пытаньні, нам трэба гаварыць пра іх у кантэксьце. Навука Царквы ў гэтых адносінах ясная, а я — сын Царквы, але ня трэба гаварыць пра гэтыя пытаньні ўвесь час. Ня ўсе дагматычныя і маральныя павучэньні Царквы раўназначныя. Пастырскае пасланьне Царквы ня можа абмяжоўвацца да перадачы процьмы разрозьненых дактрынаў, якія трэба настойліва ўкараняць. (...) Нам трэба знайсьці новую раўнавагу; іначай нават маральная будоўля Царквы можа разваліцца як картачны дамок, страчваючы сьвежасьць і духмянасьць Хрыстовага Эвангельля.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG