Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Выбыў адпаведна прысуду з рэчамі». Як маці шукала зьвесткі пра расстралянага сына


Архіўнае фота. Ігар Гершанкоў (за кратамі) у Магілёўскім абласным судзе
Архіўнае фота. Ігар Гершанкоў (за кратамі) у Магілёўскім абласным судзе

Карэспандэнт Свабоды пагутарыў зь Людмілай Гершанковай, маці пакаранага сьмерцю Ігара Гершанкова. Днямі ёй прыслалі сынавы рэчы з турмы.

У Беларусі выканалі сьмяротныя прысуды Ігару Гершанкову і Сямёну Беражному. Абодвух 21 ліпеня 2017 году Магілёўскі абласны суд прыгаварыў да выключнай меры пакараньня за забойства шасьці чалавек і падрыхтоўку забойства яшчэ траіх. Гершанкоў і Беражаны былі фігурантамі так званай справы «чорных рыэлтараў».

Спадзяваньні на літасьць не збыліся

Апошні год родныя Ігара Гершанкова жылі спадзяваньнем, што расстрэл замяняць яму турэмным зьняволеньнем. У адным з інтэрвію Свабодзе ягоная маці Людміла Гершанкова казала, што сына зрабілі вінаватым яшчэ да суду, бо сьледчым органам патрэбен быў «вынік у рэзананснай справе, якая знаходзілася на кантролі ў прэзыдэнта».

«Дапамажыце, калі ласка, — зьвярталася яна, — бо ня ведаю, куды мне сунуцца, калі толькі пад цягнік. Хоць бы пакінулі жывым яго, не забівалі, лягчэй было б на душы».

На літасьць разьлічваў і сам сьмяротнік. У сваіх скаргах ён даводзіў, што прызнаньне віны зь яго выбілі. Адна з скаргаў стала падставай для Вярхоўнага суду, каб прыпыніць выкананьне сьмяротных выракаў на час яе разгляду. На гэта адводзіўся месяц. Вестка абнадзеіла родных Гершанкова. Са спадзевам адрэагавалі на яе міжнародныя праваабарончыя арганізацыі.

Дырэктар рэгіянальнага офісу Amnesty International па Ўсходняй Эўропе і Цэнтральнай Азіі Мэры Струзэрс назвала прыпыненьне сьмяротнага прысуду «беспрэцэдэнтным рашэньнем».

«Мы ня ведаем пра іншыя выпадкі, калі Вярхоўны суд Беларусі прыпыняў выкананьне сьмяротных прысудаў», — адзначыла яна.

Пасылка выклікала шок

Цяпер маці Ігара Гершанкова пазьбягае размоў з журналістамі, кажа, што нічога ўжо ня вернеш. Выключэньне робіць толькі для праваабаронцаў з «Вясны» і Радыё Свабода.

Сытуацыю з таямнічасьцю выкананьня сьмяротнага прысуду жанчына называе жахлівай, атрыманьне пасылкі з сынавымі рэчамі яе шакавала. Яна ня можа вытлумачыць, чаму пакунак ёй прыслалі ня зь Менску, а з Глуску. На капэрце напісаны адрас, якога ў райцэнтры няма.

Пасылка, якую атрымала маці Ігара Гершанкова
Пасылка, якую атрымала маці Ігара Гершанкова

«Як гэта зразумець?» — пытаецца Людміла Адамаўна. У пасылцы, кажа яна, ляжалі рэчы, якія засталіся ад сына. Заяву на тое, каб рэчы аддалі родным, ён напісаў незадоўга да выканьня прысуду.

«У пасылцы было ўсё ахайна складзена. Сярод рэчаў былі і фатаздымкі дзяцей», — адзначыла суразмоўца.

Дзень, калі расстралялі сына, яна пакуль ня ведае. Спадзяецца, што ён будзе пазначаны ў пасьведчаньні аб сьмерці.

Спатканьня не адбылося

Ігар Гершанкоў, архізнае фота, якое распаўсюдзіў СК
Ігар Гершанкоў, архізнае фота, якое распаўсюдзіў СК

Пра тое, што Ігара ня стала, жанчына даведалася 28 лістапада. Напярэдадні яна дазналася, што сьмяротны прысуд выкананы Сямёну Беражному, і вырашыла паехаць у Менск. 30 лістапада мелася адбыцца чарговае спатканьне з сынам і яна падрыхтавала для яго пасылку і спрабавала яе яму перадаць.

Намесьнік начальніка сьледчага ізалятару № 1, у якім утрымлівалі сьмяротніка, ёй сказаў, што сына ў іх няма, «выбыў паводле прысуду з рэчамі». Турэмнік параіў зьвярнуцца з пытаньнем пра знаходжаньне сына ў Вярхоўны суд. Адтуль адправілі пытацца пра гэта ў Магілёўскі абласны суд.

«Яго сакратарка і паведаміла, што прысуд выкананы. Пазьней прыйшла і афіцыйная папера пра гэта», — кажа Людміла Адамаўна.

Пагутарыць з роднымі Сямёна Беражнога не ўдалося. Са слоў Людмілы Гершанковай, яны не атрымалі пасьмяротнай пасылкі ад свайго сына. Пра тое, што яго ўжо няма, ім прыйшло паведамленьне.

Фігурантамі справы «чорных рыэлтараў», акрамя Гершанкова, былі таксама:

  • жонка Гершанкова Тацяна — яе асудзілі на 24 гады калёніі агульнага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці;
  • жыхар Магілёва Барыс Калесьнікаў — атрымаў 22 гады.

Усе чацьвёра абскарджвалі вырак у Вярхоўным судзе, але той пакінуў яго ў сіле.

Праваабаронца: «Дзіўны крэатыў дзяржавы са сьмяротным пакараньнем»

Каардынатар кампаніі «Супраць сьмяротнага пакараньня» Андрэй Палуда мяркуе, што Ігара Гершанкова і Сямёна Беражнога расстралялі ў ноч з 19 на 20 лістапада. Ён спасылаецца на зьвесткі, атрыманыя ад сваякоў іншага сьмяротніка, які сядзеў у адной камэры зь Беражным. Паводле іх, у гэтую ноч нявольнік застаўся ў камэры адзін.

Андрэй Палуда кажа, што спраўдзіць гэтыя зьвесткі можна будзе, калі родныя расстраляных атрымаюць пасьведчаньні аб сьмерці. Паводле яго, пасылка, якую атрымала Гершанкова, была адпраўлена ня з Глуску, а з іншага райцэнтру — Акцябрскі. Пра гэта сьведчыць пазнака на капэрце.

Андрэй Палуда, архіўнае фота
Андрэй Палуда, архіўнае фота

«Незразумелая наагул сытуацыя з сакрэтнасьцю вакол сьмяротнага пакараньня, якая шмат у чым праяўляецца, — адзначае праваабаронца. — З аднаго боку, дзяржава дэкляруе, што выключнае пакараньне зьяўляецца прафіляктычнай і стрымальнай мерай. А з другога боку, гэтая сакрэтнасьць вядзе да пакут родных. І тут дзяржава праяўляе дзіўны крэатыў».

Таямнічасьць вакол сьмяротнага пакараньня спараджае «легенды». Бывала, кажа праваабаронца, што родныя пакараных сьмерцю шукалі іхныя магілы на Паўночных могілках у Менску або лічылі, што тыя жывыя і працуюць на сакрэтных шахтах, а іхныя рэчы былі перададзеныя з этапу.

Праваабаронцы адзначае, што маці Гершанкова, атрымаўшы пасылку, таксама зьбіралася ехаць у Глуск, каб шукаць чалавека, які яе адправіў, спадзеючыся, што ён падкажы акалічнасьці пакараньня сына.

Эўразьвяз заклікае да мараторыю

Пра пэрспэктывы ўвядзеньня мараторыя на сьмяротнае пакараньне ў Беларусі Андрэй Палуда кажа:

«Казаць, што яно будзе адмененае ў найбліжэйшы час, вельмі складана, бо сыстэмных зьменаў няма, але спадзяваньні на тое маем. Гэтае пытаньне будзе вырашана, але прагназаваць, як хутка, гэта няўдзячная справа».

Сьмяротнае пакараньне ў Беларусі

  • Беларусь застаецца апошняй краінай Эўропы, дзе караюць сьмерцю.
  • Усяго за гады незалежнасьці ў Беларусі вынесьлі больш за 300 сьмяротных прысудаў.
  • Улады Беларусі не паведамляюць пра выкананьне сьмяротных прысудаў. Пра гэта ўдаецца даведацца з паказаньняў іншых сьмяротнікаў або ад праваабаронцаў, якія кантактуюць з роднымі асуджаных.
  • Эўразьвяз заклікае Беларусь адмовіцца ад сьмяротнага пакараньня.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG