Уначы 4 сьнежня пры ўезьдзе ў Грозны з боку Аргуну адбылося здарэньне са сьмяротнымі ахвярамі. Mercedes, за стырном якога быў кіраўнік Шалінскага раёну і стрыечны брат кіраўніка Чачні Рамзана Кадырава Турпан-Алі Ібрагімаў (мянушка Хуткі), на велізарнай хуткасьці ўрэзаўся ў «Жыгулі».
Двое пасажыраў «Жыгулёў», маці і дачка, загінулі на месцы. Мужчына, бацька сямейства, дастаўлены ў бальніцу, яго стан ацэньваецца як цяжкі.
Сьведкі распавялі, што ахова Ібрагімава сканфіскавала тэлефоны ў відавочцаў ДТЗ, каб фатаграфіі зь месца здарэньня ня трапілі ў інтэрнэт. На наступны дзень, 5 сьнежня, людзі з атачэньня сваяка Кадырава абышлі навакольныя дамы і праверылі, ці няма ў гаджэтах мясцовых жыхароў відэа інцыдэнту.
Афіцыйныя чачэнскія СМІ пра інцыдэнт нічога не паведамлялі.