Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхары інтэрнатаў на Магілёўшчыне дамагліся істотнага зьмяншэньня платы за жыльлё


Інтэрнаты на вуліцы Крупскай у Магілёве
Інтэрнаты на вуліцы Крупскай у Магілёве

У абласным упраўленьні жыльлёва-камунальнай гаспадаркі заяўляюць, што ўведзеная ўвесну плата за карыстаньне жылымі памяшканьнямі зьменшаная на 80%.

Гэты плацеж прывёў да росту платы за інтэрнаты і выклікаў незадаволенасьць жыхароў.

Нямала іх адмаўляліся яго аплачваць, бо лічылі, «завышаным і неабгрунтаваным». На сустрэчах жыльцоў гучалі заклікі выйсьці да аблвыканкаму з пратэстам.

Абласное ўпраўленьне ЖКГ: для ўладальнікаў інтэрнатаў увялі мяжу павышэньня аплаты

Праект рашэньня пра паніжальны каэфіцыент для інтэрнатаў рыхтавала абласное ўпраўленьне ЖКГ. Яго разглядалі ў аблвыканкаме 3 сьнежня. Пасьля юрыдычнай экспэртызы ў Міністэрстве юстыцыі і апублікаваньня яно ўступіць у сілу.

Начальнік плянава-фінансавага аддзелу абласнога ўпраўленьня ЖКГ Ірына Петрачэнка кажа: пасьля яго ўступленьня ў сілу ўладальнікі ня змогуць павышаць аплату за карыстаньне жылымі памяшканьнямі інтэрнатаў вышэй за каэфіцыент 0,2. Раней у іх была магчымасьць па ўзгадненьні з выканаўчай уладай выстаўляць гэты каэфіцыент да 1.

«У залежнасьці ад каэфіцыенту будзе зьменшаная і сума аплаты, — адзначыла Ірына Петрачэнка. — Тым, у каго быў каэфіцыент 1, аплата зьмяншаецца на 80 адсоткаў».

Пакуль у Магілёве і Бабруйску за блёк памерам 39 квадратных мэтраў (два пакоі, душавая, прыбіральня і агульная кухня) сям’я з чатырох чалавек плоціць да 70 рублёў, у райцэнтрах — да 50, у сельскай мясцовасьці — да 20. Пасьля ўвядзеньня паніжальнага каэфіцыенту, каб вызначыцца з аплатай, гэтыя сумы варта падзяліць на чатыры, кажуць у абласным упраўленьні ЖКГ.

Адзін з інтэрнатаў у Магілёве, якому пагражае адсяленьне праз парушэньні правілаў пажарнай бясьпекі
Адзін з інтэрнатаў у Магілёве, якому пагражае адсяленьне праз парушэньні правілаў пажарнай бясьпекі

Насельнік інтэрнату: увядзеньне паніжальнага каэфіцыенту — саступка аблвыканкаму

Жыхары заяўляюць, што аплата за інтэрнаты на Магілёўшчыне — самая высокая ў Беларусі і не адпавядае іхным даходам. Значная частка прапісаных — гэта сем’і з малалетнімі дзецьмі, а таксама пэнсіянэры.

Ініцыятыўныя жыльцы сабралі больш за тысячу подпісаў, каб аплату за карыстаньне жылымі памяшканьнямі ў інтэрнатах скасавалі «як антысацыяльную і тую, што стварае напружаньне ў грамадзтве». Сваю пазыцыю яны даводзілі на прыёме першаму намесьніку старшыні аблвыканкаму Алегу Чыкіду. Па словах Алега Аксёнава, які быў на сустрэчы, чыноўнік даў падначаленым 16 даручэньняў, каб тыя разабраліся ў сытуацыі. Скасаваць жа новаўвядзеньні Чыкіда адмовіўся.

Квіток аплаты за інтэрнат. З 59 рублёў — 26 плацеж за карыстаньне жылымі памяшканьнямі
Квіток аплаты за інтэрнат. З 59 рублёў — 26 плацеж за карыстаньне жылымі памяшканьнямі

Увядзеньне паніжальнага каэфіцыенту, на думку актывіста, — саступка аблвыканкаму. Ён нагадвае, што ў звароце да чыноўнікаў насельнікі інтэрнатаў, акрамя скасаваньня платы за карыстаньне жылымі памяшканьнямі, патрабуюць дазволу на:

  1. Адкрыцьцё пэрсанальных рахункаў для інтэрнатаў, якія акумулявалі б сабраныя з жыхароў сродкаў.
  2. Стварэньне радаў самакіраваньня ў інтэрнатах з паўнамоцтвамі вырашаць, на якія патрэбы расходаваць грошы.

Аксёнаў адзначае: цяпер складана разабрацца, «куды зьнікаюць такія сродкі». Ён заяўляе, што рамантуюць сваё жытло ў інтэрнатах самі людзі, але гэта ня ўлічваецца пры аплаце.

Уладальнікі інтэрнатаў: грошай на іх утрыманьне няма

Камунальнікі абгрунтоўвалі ўвядзеньне платы за карыстаньне жылымі памяшканьнямі тым, што ўтрыманьне інтэрнатаў стратнае для арганізацыяў, якія імі валодаюць. Абяцалі, што сродкі, выгаданыя ад новаўвядзеньня, пойдуць на паляпшэньне ўмоваў пражываньня ў інтэрнатах.

Да ўвядзеньня такога плацяжу жыхары інтэрнатаў плацілі толькі за камунальныя паслугі. Акрамя таго, зь людзей вылічвалі плату за карыстаньне ліфтам, санітарнае ўтрыманьне дапаможных памяшканьняў ды абыходжаньне зь цьвёрдымі камунальнымі адходамі.

У Магілёве абласное ўпраўленьне надзвычайных сытуацыяў выявіла грубыя парушэньні правілаў пажарнай бясьпекі ў 14 інтэрнатах.

Эканамічны суд Магілёўскай вобласьці задаволіў заявы ратавальнікаў аб прыпыненьні дзейнасьці 11 інтэрнатаў. Згодна з судовым рашэньнем, уладальнікі мусяць адсяліць зь іх людзей, пакуль ня выправяць парушэньні.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG