Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве адсяляюць 4 інтэрнаты: суд прызнаў, што жыць у іх небясьпечна


Адзін з інтэрнатаў, якому пагражае адсяленьне праз парушэньні правілаў пажарнай бясьпекі

Апошняй кропляй стаў пажар у інтэрнаце на Пушкінскім праспэкце Магілёва, у якім загінулі двое жыхароў.

21 лістапада эканамічны суд Магілёўскай вобласьці задаволіў заявы абласнога ўпраўленьня Міністэрства надзвычайных сытуацый аб прыпыненьні дзейнасьці трох інтэрнатаў, уладальнік якіх — ЖРЭУ Ленінскага раёну Магілёва, а таксама аднаго, які належыць будаўнічаму трэсту № 17.

Уладальнікі абавязаныя часова расьсяліць насельнікаў і ліквідаваць парушэньні. Будаўнічы трэст мае гэта зрабіць да 15 студзеня 2019 году, а камунальнікі — да 1 студзеня.

Усяго пад пагрозай адсяленьня 14 інтэрнатаў, у якіх выявілі грубыя парушэньні правілаў пажарнай бясьпекі.

Агулам у чатырох інтэрнатах, у дачыненьні якіх ухваленае судовае рашэньне, жыве 1175 чалавек. Куды іх расьсяляць, уладальнікі інтэрнатаў ня ведаюць. У горадзе няма свабодных плошчаў.

У чым парушэньні?

  • Аўтаматычная сыстэма пажарнай сыгналізацыі і апавяшчэньня людзей аб пажары няспраўная або яе зусім няма;
  • Сродкі пажарнай абароны непрыдатныя (на кухнях інтэрнатаў не было вогнетушыцеляў);
У пад’езьдзе інтэрнату. Паводле жыхароў, за 50 гадоў будынак ані разу не рамантаваўся
У пад’езьдзе інтэрнату. Паводле жыхароў, за 50 гадоў будынак ані разу не рамантаваўся
  • Сыстэма пажарнай бясьпекі не абслугоўваецца арганізацыямі, якія маюць на тое ліцэнзію;
  • Няма свабоднага доступу да шляхоў бясьпечнай эвакуацыі людзей (лесьвічныя праходы застаўленыя, у калідорах самавольна парабілі перагародкі, падвалы заваленыя ламаччам);
  • Дапускаецца курэньне не ў адведзеных для гэтага месцах;
  • Пляны эвакуацыі людзей пры пажарах не адпавядаюць патрабаваньням Міністэрства надзвычайных сытуацыяў.

Пазыцыя заяўніка: уладальнікі інтэрнатаў ня могуць гарантаваць бясьпекі жыхароў

На судовым пасяджэньні прадстаўнікі абласнога ўпраўленьня Міністэрства надзвычайных сытуацый настойвалі на задавальненьні сваіх заяў. На іхную думку, уладальнікі інтэрнатаў не выконваюць сваіх абавязкаў, бо ня могуць гарантаваць бясьпекі жыхароў.

Свае довады яны падмацоўвалі нядаўнім здарэньнем у інтэрнаце на Пушкінскім праспэкце, 73-а. Там 2 кастрычніка быў пажар, два чалавекі не змаглі выбрацца і загінулі.

Пасьля пагрозы адсяленьня ў інтэрнаце пачалі выконваць правілы пажарнай бясьпекі. Жыхары кажуць: на сьценах намалявалі стрэлкі, як эвакуявацца
Пасьля пагрозы адсяленьня ў інтэрнаце пачалі выконваць правілы пажарнай бясьпекі. Жыхары кажуць: на сьценах намалявалі стрэлкі, як эвакуявацца

Парушэньні ліквідуюцца, прызнавалі ратавальнікі, але ня так хутка, як хацелася б. Уладальнікі інтэрнатаў спрабавалі знайсьці кампраміс, каб пазьбегнуць расьсяленьня. Але выканаўца абавязкаў галоўнага юрысконсульта абласнога ўпраўленьня МНС Юлія Кіслова заявіла: ведамства ня зьменіць сваёй пазыцыі.

«Мы будзем хадайнічаць перад гарадзкімі ўладамі аб адсяленьні інтэрнатаў, — кажа яна. — Ніхто з нас ня возьме на сябе адказнасьць, калі раптам здарыцца сытуацыя, як у інтэрнаце на Пушкінскім праспэкце. Адказваць будзе той, хто працягне эксплюатаваць інтэрнат».

Пазыцыя ўладальніка інтэрнатаў: на выпраўленьне парушэньняў няма грошай

Прадстаўнікі ЖРЭУ Ленінскага раёну Магілёва кажуць: перададзеныя ў свой час на балянс упраўленьня ведамасныя інтэрнаты былі ў нездавальняючым стане, але нараканьні камунальнікаў на гэта да ўвагі ня браліся. Не прыняць інтэрнаты яны не маглі, бо мусілі выконваць распараджэньні кіраўніка дзяржавы, ураду, абласных і гарадзкіх уладаў. Перадача тлумачылася фінансавым аздараўленьнем прадпрыемстваў.

На выпраўленьне парушэньняў, кажуць уладальнікі інтэрнатаў, няма фінансаваньня. Грошы на падтрыманьне сыстэмы пажарнай бясьпекі павінны выдаткоўвацца зь мясцовых бюджэтаў, але ў поўным аб’ёме іх не давалі.

Зьявілася абвестка, куды званіць у выпадку надзвычайнай сытуацыі
Зьявілася абвестка, куды званіць у выпадку надзвычайнай сытуацыі

«Я не магу даць гарантыяў як прадстаўнік ЖРЭУ, што парушэньні будуць зьліквідаваныя, — кажа вядучы юрысконсульт камунальнага прадпрыемства Аляксандар Ганчарык. — Мы, безумоўна, занепакоеныя здароўем і жыцьцём людзей. Але, зыходзячы з колькасьці работнікаў арганізацыі (бо вечна аптымізацыя!), мы фізычна ня можам належным чынам абслугоўваць жыльлёвы фонд, а пагатоў праводзіць капітальны рамонт, ставіць сыстэму пажарнай бясьпекі».

Ён прасіў ратавальнікаў не прыпыняць дзейнасьць інтэрнатаў, а знайсьці альтэрнатыўныя спосабы забясьпечыць пажарную бясьпеку жыхароў. На ягоную думку, прэтэнзіі да пажарнай бясьпекі ратавальнікі павінны выстаўляць да вышэйшых арганізацый, якія маюць грошы, каб усё паправіць.

Пазыцыя ўлады: расьсяляць інтэрнаты няма куды

Прадстаўнікі Ленінскага і Кастрычніцкага райвыканкамаў заявілі, што ня маюць атэставаных спэцыялістаў, якія б пільнавалі пажарную бясьпеку ў інтэрнатах, і наагул самі адміністрацыі ня маюць такіх функцыяў.

Чыноўнікі адзначылі, што сытуацыяй у інтэрнатах яны занепакоеныя і што выяўленыя парушэньні трэба ліквідоўваць. Паводле іх, пытаньні расьсяленьня людзей з інтэрнатаў у кампэтэнцыі гарвыканкаму, але свабодных плошчаў для гэтага горад ня мае.

Жыхар інтэрнату: аплата вырасла ў тры разы

У адным з магілёўскіх інтэрнатаў жыве сябра аргкамітэту партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Алег Аксёнаў. Ён прысутнічаў на судовым пасяджэньні. Алег лічыць, што ўлада вымусіла абласное ўпраўленьне Міністэрства надзвычайных сытуацый пайсьці на «радыкальныя захады», бо іхныя прадпісаньні наконт нездавальняючага стану пажарнай бясьпекі не выконваюцца. Апошняй кропляй для ратавальнікаў, на яго думку, стаў пажар у інтэрнаце на Пушкінскім праспэкце.

Жыроўка інтэрнацкага жыхара, які адмаўляецца плаціць «за карыстаньне інтэрнатам». Яму нагадваюць, што плаціць трэба, але не высяляюць
Жыроўка інтэрнацкага жыхара, які адмаўляецца плаціць «за карыстаньне інтэрнатам». Яму нагадваюць, што плаціць трэба, але не высяляюць

«Сытуацыя з інтэрнатамі ў Магілёве сьведчыць, што цяперашняя сыстэма жыльлёва-камунальнай гаспадаркі зжыла сябе і вымагае рэфармаваньня, — кажа ён. — Грошы, якія жыхары гадамі плацяць за інтэрнаты, зьнікаюць у нетрах ЖКГ. Ніхто не клапоціцца пра бясьпеку людзей».

Аксёнаў кажа, што на Магілёўшчыне распрацаваныя самыя высокія ў Беларусі расцэнкі за карыстаньне інтэрнатамі. Аплата, кажа ён, пасьля ўступленьня ў сілу інструкцыі аблвыканкаму «Аб парадку вызначэньня платы за карыстаньне памяшканьнямі дзяржаўнага жыльлёвага фонду ў інтэрнатах» вырасла ў тры разы.

Цяпер за невялікі пакой плата сягае 70 рублёў. Увядзеньне новых расцэнак тлумачыцца нястачай грошай на ўтрыманьне інтэрнатаў. Довады жыльцоў, што кошт пражываньня ў іх не адпавядае даходам, чыноўнікамі ігнаруецца. Нямала жыльцоў адмаўляюцца плаціць «за карыстаньне інтэрнатам», бо лічаць такую плату незаконнай.

Жыхары інтэрнатаў: куды нас адселяць?

Інтэрнаты Ленінскага ЖРЭУ Магілёва з выяўленымі парушэньнямі пажарнай бясьпекі месьцяцца на вуліцах Крупскай 178, Грышына, 76а ды Індустрыяльнай 7. У іх жыве 818 чалавек. Раней яны былі ведамаснымі. Пра тое, што ў інтэрнатах праблемы з пажарнай бясьпекай, насельнікі даведаліся, калі пачасьціліся візыты пажарнікаў.

Будынак інтэрнату на Індустрыяльнай, 7
Будынак інтэрнату на Індустрыяльнай, 7

Абвестак пра высяленьне няма. Патрабаваньне ратавальнікаў адсяліць інтэрнаты, пакуль ня будуць ліквідаваныя парушэньні, людзі ўспрымаюць скептычна. Аб праблемах бясьпекі задумваюцца, лічаць яны, толькі калі адбываецца надзвычайнае здарэньне.

«Дзе знойдзецца столькі жытла, і хто яго будзе шукаць? — разважае жыхар інтэрнату на вуліцы Грышына, 76а. — Зразумела, пажарнікі дбаюць пра сваё, а ўлада пакіне ЖРЭУ сам-насам з праблемай. У нас чыноўнік ні за што не адказвае».

У гэтым інтэрнаце аўтаматычнай сыстэмы пажарнай сыгналізацыі ніколі не было. У выпадку надзвычайнай сытуацыі вахтарка мае апавясьціць пра яе званком.

Пасьля візытаў пажарнікаў вызвалілі ад лішняга лесьвічныя праходы, намалявалі стрэлкі, якія паказваюць кірунак эвакуацыі. У кухнях паставілі вогнетушыцелі. Зьбіраюцца ў пакоях ставіць аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі.

Абвестка ў інтэрнаце на вуліцы Індустрыяльнай
Абвестка ў інтэрнаце на вуліцы Індустрыяльнай

Двухпавярховаму інтэрнату на вуліцы Індустрыяльнай больш за 50 гадоў. Паводле насельнікаў, у ім аварыйная электраправодка, сыплецца тынкоўка. У будынку сырасьць. Пра патрабаваньні пажарнікаў жыльцы ня чулі.

«Калі ў інтэрнаце і адбудзецца пажар, то не па віне тых, хто тут жыве. Яго даўно варта зьнесьці, але куды людзей падзець?» — кажа яго жыхарка.

У яе пакоі памерам 16 квадратных мэтраў жывуць чатыры чалавекі. Плацяць за памяшканьне больш за 100 рублёў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG