Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палова песень ва ўкраінскім радыёэфіры гучаць па-ўкраінску

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Сярэдняя доля песень на ўкраінскай мове на агульнанацыянальных радыёстанцыях Украіны ў другі год дзеяньня моўных квотаў склала 51%, паведамляе Нацыянальная рада Ўкраіны ў пытаньнях тэлебачаньня і радыёвяшчаньня.

4 сьнежня Нацыянальная рада падвяла вынікі па выкананьні радыёстанцыямі нормаў закона аб выкананьні песень і вядзеньня перадач на ўкраінскай мове за два гады іх дзеяньня. Сябры рады прадставілі вынікі маніторынгу эфіраў 15 агульнанацыянальных і 175 рэгіянальных і мясцовых FM-радыёстанцыяў.

У пяці радыёстанцый доля перавысіла сярэдняе значэньне: «Країна ФМ» — 100%; «UA: Радіо Промінь» — 98%; «UA: Українське радіо» — 91%; «UA: Радіо Культура» — 73%; «Радіо НВ» — 56%.

Квота на вядзеньне перадач на ўкраінскай мове, па словах сябра рады Валянціна Коваля, перавыконвалася ад пачатку яе ўкараненьня. Як паказвае маніторынг, у апошні год ва Ўкраіне ў сярэднім 86% перадач на агульнанацыянальных радыёстанцыях гучалі на ўкраінскай мове.

Квоты на музыку на ўкраінскай мове ў эфіры радыёстанцый дзейнічаюць з 8 лістапада 2016 году, калі набыў моц закон аб зьменах у заканадаўства аб тэлебачаньні і радыёвяшчаньні. Ён абавязвае работнікаў радыё забясьпечваць ня менш за 25% кампазыцый на ўкраінскай мове на працягу першага году дзеяння закона, 30% — на другі год і 35% — на трэці год і гэтак далей.

Доля вядзеньня перадач на ўкраінскай мове ў першы год павінна была складаць палову, у другі — 55%, а ў трэцяй і наступныя гады — 60% ад агульнага часу праграмаў у эфіры ўсіх радыёстанцый.

У Беларусі ў 2005 годзе Палажэньнем Міністэрства інфармацыі Беларусі таксама была ўсталяваная квота ў памеры мінімум 75 % беларускай музыкі ў радыёэфіры «з мэтай падтрымкі беларускіх выканаўцаў на фоне засільля ў радыёэфіры музыкі ўсходніх і заходніх суседзяў Беларусі». Гэта выклікала бурлівую рэакцыю як сярод радыёстанцый і беларускіх выканаўцаў, так і з боку слухачоў.

У 2009 годзе патрабаваньне было зьмененае і стала датычыцца толькі эфіру ў прайм-тайм (9 гадзінаў эфіру за суткі).

У Міністэрстве культуры лічаць, што квота ў 75 % дапамагла «раскруціць» беларускіх музыкаў. На думку беларускіх музычных экспэртаў, квота не адбіваецца пазытыўным чынам на якасьці беларускага музычнага прадукту, не дазваляе зрабіць радыёстанцыю, якая спэцыялізавалася б на джазавай ці блюзавай музыцы. Некаторыя з назіральнікаў адзначаюць, што прыкладам для беларускіх мэдыя-рэгулятараў мог бы паслужыць досьвед Украіны.

XS
SM
MD
LG