Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея ня выканала рашэньня Страсбурскага суду пра палонных украінскіх маракоў


Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка
Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка

Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка заявіў, што Расея ня выканала рашэньня Эўрапейскага суду ў правах чалавека (ЭСПЧ), паводле якога яна была абавязаная 3 сьнежня даць суду пэўную інфармацыю пра паланёных ёю ўкраінскіх маракоў.

«Паводле той інфармацыі, якой я валодаю, Расея парушыла рашэньне ЭСПЧ і ніякай інфармацыі не дала», — сказаў ён увечары 3 сьнежня ў праграме «Свабода слова» на тэлеканале ICTV.

«Таму мы павінны цяпер аб’яднаць намаганьні ўсяго сьвету», — заявіў прэзыдэнт Украіны, падкрэсьліваючы, што найперш неабходна вярнуць дадому палонных маракоў, якіх ён назваў «украінскімі героямі». Паводле Парашэнкі, яны «непадсудныя злачыннаму расейскаму суду, бо, згодна з Жэнэўскай канвэнцыяй, былі захопленыя ў выніку акту агрэсіі; яны ваеннапалонныя».

Парашэнка яшчэ раз адзначыў, што ўкраінскія маракі дзейнічалі ў поўнай адпаведнасьці з міжнародным правам, і паведаміў, што ў сувязі з актам агрэсіі Расеі супраць Украіны рыхтуецца іск у Міжнародны суд, вышэйшы судовы орган у сыстэме ААН.

Расея пакуль не пракамэнтавала заяву прэзыдэнта Ўкраіны аб невыкананьні рашэньня Страсбурскага суда.

Эўрапейскі суд ў правах чалавека яшчэ 30 лістапада паведаміў пра сваё рашэньне ў сувязі з новым, ужо пятым міждзяржаўным пазовам Украіны да Расеі: Расея да 3 сьнежня была абавязаная адказаць на пытаньне: ці пазбаўленыя афіцэры і матросы з украінскіх караблёў свабоды, і, калі так, на якіх падставах іх утрымліваюць; ці ёсьць сярод іх параненыя, і, калі так, хто яны, якія іх раненьні і якую мэдыцынскую дапамогу яны атрымалі. Расія таксама мела абгрунтаваць адказы належнымі дакумэнтамі.

У Міністэрстве юстыцыі Расеі заявілі, што адказ у суд накіруюць не абавязкова да 3 сьнежня, а «ў разумны тэрмін» — тады, калі атрымаюць дадзеныя «кампэтэнтных расейскіх органаў».

Што трэба ведаць пра канфлікт Украіны і Расеі ў Азоўскім моры

Расея 25 лістапада заблякавала выхад украінскіх караблёў, якія плылі да Марыюпалю праз Керчанскі праліў, каб трапіць у Азоўскае мора. Тры ўкраінскія караблі і больш за 20 украінскіх маракоў захопленыя расейскімі вайскоўцамі.

  • Раніцай 25 лістапада расейскі сухагруз перагарадзіў Керчанскую пратоку перад трыма ўкраінскімі суднамі, якія ажыцьцяўлялі плянавы пераход з порту Адэсы ў порт Марыюпаль Азоўскага мора. Пазьней расейскі пагранічны карабель пратараніў буксір Вайскова-марскіх сіл Узброеных сіл Украіны.
  • Расейскія вайсковыя караблі з дапамогай авіяцыі і спэцназу атакавалі і захапілі пашкоджаны ўкраінскі буксір і два малыя браняваныя артылерыйскія катэры. Шэсьць украінскіх маракоў былі параненыя, двое зь іх у цяжкім стане.
  • Паводле Расеі, украінскія караблі спрабавалі прайсьці празь Керчанскую пратоку незаконна. Украіна адкідае гэтае абвінавачваньне, спасылаючыся на міжнародныя і міжурадавыя пагадненьні.
  • Ці праўда, што ўкраінскія караблі парушылі расейскую мяжу ў Азоўскім моры?
  • Ва Ўкраіне абʼявілі ваеннае становішча з 28 лістапада да 27 сьнежня. Узброеныя сілы Ўкраіны прыведзеныя ў поўную баявую гатоўнасьць.
    Дзе ва Ўкраіне ўвялі ваеннае становішча
    Дзе ва Ўкраіне ўвялі ваеннае становішча
  • Канфлікт у Азоўскім моры паміж Украінай і РФ узьнік пасьля ўвядзеньня ў эксплюатацыю моста ў анэксаваны Крым. Украіна заяўляе, што Расея на падставе праверак затрымлівае дзясяткі суднаў, якія ідуць ва ўкраінскія азоўскія парты. Паводле Масквы, праверкі ўкраінскіх суднаў законныя.
  • Рада Бясьпекі ААН склікала 26 лістапада экстранае паседжаньне ў сувязі з рэзкім абвастрэньнем сытуацыі ў Керчанскім праліве, шэраг эўрапейскіх краінаў асудзілі дзеяньні Расеі ў Азоўскім моры.
  • Суд Сімферопаля на два месяцы арыштаваў 24 украінскіх маракоў, захопленых расейскімі сілавікамі. Украінская пракуратура прызнала іх ваеннапалоннымі.
  • Украіна на час дзеяньня ваеннага становiшча забараніла ўезд у краіну мужчынам –​ грамадзянам Расеі ва ўзросьце ад 16 да 60 гадоў.
  • У верасьні 2019 году адбыўся абмен палоннымі паміж Расеяй і Ўкраінай, падчас якога захопленыя маракі вярнуліся ва Ўкраіну.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG