Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я — гэта сапраўды я»: Прэзыдэнт Нігерыі змагаецца з чуткамі, што ён — двайнік прэзыдэнта


Махамаду Бухары

Прэзыдэнт Нігерыі Махамаду Бухары паспрабаваў разьвеяць чуткі пра тое, што ён нібыта памёр і яго замяніў двайнік.

У сацсетках раней выказваліся здагадкі, што замест сапраўднага прэзыдэнта перад публікай зьяўляецца нейкі суданец па імені Джубрыл. Пра гэта паведамляе Бі-бі-сі.

75-гадовы Бухара мае намер удзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах у лютым 2019 году, аднак з 2015 году ён мае сур’ёзныя праблемы са здароўем. У 2017 годзе ён на тры месяцы зьехаў у Брытанію на лячэньне.

Выступаючы днямі на кліматычнай канфэрэнцыі ААН у Польшчы, нігерыйскі лідэр назваў плёткі пра сваё здароўе «дэгенэратыўнымі і бязбожнымі».

«Многія спадзяваліся, што я памёр падчас хваробы. Некаторыя нават зьвярталіся да віцэ-прэзыдэнта з просьбай прызначыць мне намесьніка, мяркуючы, што я памёр. Гэта, вядома ж, вельмі зьбянтэжыла яго. Ён прыяжджаў да мяне ў Лёндан, калі я папраўляўся. Гэта на самой справе я, запэўніваю вас» — сказаў Бухары.

Былы віцэ-прэзыдэнт Нігерыі — 72-гадовы Атыку Абубакар — лічыцца галоўным супернікам Бухары на маючых адбыцца выбарах.

Паводле інфармацыі агенцтва Франс-прэс, чуткі пра пагаршэньне здароўя палітыка пачалі цыркуляваць у Фэйсбуку, Твітэры і іншых сацсетках ў канцы мінулага году, і пасты з такім зьместам набралі больш за 500 тысяч праглядаў.

Агенцтва адзначае, што сярод тых, хто распускае гэтыя чуткі, быў былы прэзыдэнт краіны Гудлак Джонатан, а таксама лідэр сэпаратысцкай групоўкі «Карэнныя народы Біяфры» Намдзі Кану.

ВВС адзначае, што насуперак чаканьням дарадцаў прэзыдэнта, яго заява аб тым, што ён не зьяўляецца клонам, можа толькі ўзмацніць цікавасьць да яго здароўя ў той час, як ён рыхтуецца да цяжкой выбарчай кампаніі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG