Журналісты расейскага Першага канала былі заўважаныя каля брытанскай вайсковай базы ў Бэркшыры. Пасьля ў эфір выйшаў сюжэт пра "фабрыку троляў пад Лёнданам".
Міністэрства абароны Брытаніі выпусьціла з гэтай нагоды папярэджаньне і заклікала паведамляць пра падазроную актыўнасьць каля вайсковых аб’ектаў.
Журналістаў расейскага Першага канала, у прыватнасьці кіраўніка бюро Першага канала ў Лёндане Цімура Сіразіева, заўважылі каля 77-й армейскай брыгады ў Бэркшыры 21 лістапада. Гэтае фармаваньне займаецца кібэрбясьпекай.
«Падазроныя паводзіны Цімура Сіразіева адсочваліся сыстэмай бясьпекі базы», — паведаміла брытанскаму выданьню Daily Mail крыніца ў Міністэрстве абароны.
«Мы надзвычай сур’ёзна ставімся да бясьпекі нашых вайсковых баз і пэрсаналу», — заявіў сакратар Мінабароны Брытаніі Гэвін Уільямсан. «Калі вы бачыце кагосьці падазронага каля вайсковай базы, трэба неадкладна паведаміць паліцыі», — гаворыцца ў паведамленьні.
Сюжэт пра брытанскую «фабрыку троляў пад Лёнданам» выйшаў у эфіры Першага канала на наступны дзень пасьля інцыдэнту, — паведамляе Meduza.
Брытанскія вайсковыя разаслалі арыенціроўку на Сіразіева, які зьяўляецца кіраўніком бюро тэлеканала ў Брытаніі.
Стасункі паміж Расеяй і Вялікай Брытаніяй значна ўскладніліся пасьля інцыдэнту з атручваньнем былога расейскага шпіёна Сяргея Скрыпаля і ягонай дачкі Юліі ў брытанскім Солсбэры у сакавіку.
Начальнік брытанскага генштаба генэрал Марк Карлетон-Сміт нядаўна заявіў, што Расея ўяўляе для бясьпекі Брытаніі нашмат большую пагрозу, чым Іслямская дзяржава.