Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка сьцьвярджае, што Расея разгарнула ля межаў з Украінай, а таксама ў анэксаваным Крыме і на непадкантрольных Украіне тэрыторыях Данецкай і Луганскай абласьцей групоўку колькасьцю больш за 80 тысяч вайскоўцаў.
У суботу на цырымоніі перадачы ўзброеным сілам новай тэхнікі Парашэнка сказаў, што расейская групоўка таксама ўключае ў сябе каля 1400 артылерыйскіх і ракетных сыстэм залпавага агню, 900 танкаў, 2300 баявых браніраваных машын, больш за 500 самалётаў і 300 верталётаў.
Паводле Парашэнкі, у акваторыі Чорнага, Азоўскага і Эгейскага мораў знаходзяцца больш за 80 расейскіх вайсковых караблёў і 8 падводных лодак.
Пагроза расейскага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну называлася, нароўні зь нядаўнім захопам у Чорным моры трох украінскіх вайсковых караблёў, адной з прычынаў увядзеньня на частцы тэрыторыі гэтай краіны — перш за ўсё ў памежных з Расеяй раёнах — ваеннага становішча тэрмінам на месяц. Парашэнка ў суботу выказаў надзею, што працягваць яго не давядзецца, а ў часе ваеннага становішча Ўкраіна ўмацуе сваю абараназдольнасьць.
Расея сьцьвярджае, што ў яе няма агрэсіўных плянаў у дачыненьні да Ўкраіны, а ўкраінскія караблі самі парушылі яе мяжу.