Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гурт «Аквариум» скасаваў тур па Ўкраіне з прычыны «форс-мажору»


Барыс Грабеншчыкоў

Расейскі рок-гурт «Аквариум» скасаваў заплянаваныя на сьнежань канцэрты ва Ўкраіне. «На жаль, з прычынаў форс-мажору наш тур па Ўкраіне цяпер ня можа адбыцца», — напісаў у фэйсбуку ў суботу лідэр гурту Барыс Грабеншчыкоў. Ён выказаў надзею, што «форс-мажор адыдзе ў нябыт», і тур «Аквариума» па Ўкраіне адбудзецца налета.

На частцы тэрыторыі Ўкраіны з 28 лістапада тэрмінам на месяц уведзена ваеннае становішча — у сувязі з захопам Расеяй украінскіх вайсковых караблёў і іх экіпажаў у Чорным моры. На час ваеннага становішча ўведзеныя абмежаваньні для перасячэньня мяжы грамадзянамі Расеі.

У прыватнасьці, паведамлялася, што ўводзіцца забарона на яе перасячэньне для мужчын грамадзянаў Расеі ва ўзросьце ад 16 да 60 гадоў. Пасьля ў памежнай службе ўдакладнілі, што іх могуць прапускаць празь мяжу ў асаблівых выпадках, па выніках гутаркі і праверкі дакумэнтаў. Відавочцы сьцьвярджаюць, што празь мяжу не заўсёды прапускаюць і жанчын.

Паводле Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны, за содні празь мяжу не прапусьцілі каля 100 грамадзян Расеі. Колькі іх прапусьцілі, не паведамляецца. Сьцьвярджаецца, што за гэты самы час у Расею не пусьцілі каля 40 украінцаў, хоць фармальна Расея ня ўводзіла ніякіх абмежаваньняў.

Барысу Грабеншчыкову днямі споўнілася 65 гадоў. З моманту пачатку расейска-ўкраінскага канфлікту ў 2014 годзе ён некалькі разоў прыяжджаў у Кіеў і іншыя гарады Ўкраіны з канцэртамі. Лідэр «Аквариума» ўдзельнічаў у маратоне праваабарончай арганізацыі Amnesty International, заклікаючы вызваліць з расейскіх калёніяў украінскіх палітвязьняў Алега Сянцова і Аляксандра Кольчанку.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG