Украінскі танцоўшчык Сяргей Палунін атрымаў расейскае грамадзянства. Фатаграфію пашпарта РФ ён апублікаваў у Instagram.
«Расея для мяне заўсёды была і ёсьць дабром, я вельмі шчасьлівы стаць грамадзянінам Расеі і прыняць пазыцыю супраць злых і несумленных людзей, якія ствараюць рэвалюцыі ва Ўкраіне, Грузіі і іншых краінах», — напісаў ён, камэнтуючы новы пашпарт. Палунін выказвае падтрымку прэзыдэнту Расеі Ўладзіміру Пуціну, за якім танцоўшчык «бачыць праўду».
25 лістапада артыст апублікаваў у сябе ў Instagram татуіроўку з Уладзімірам Пуціным. «Дзякуй Уладзіміру і ўсім людзям, якія выбралі дабро», — напісаў Палунін. На здымку таксама відаць вытатуіраваны левай руцэ Палуніна трызубец з гербу Ўкраіны.
Сяргею Палуніну 29 гадоў, ён нарадзіўся ў Херсоне, вучыўся ў Кіеўскім харэаграфічным вучылішчы і Школе каралеўскага балета ў Лёндане. Цяпер Палунін саліст Баварскага дзяржаўнага балету ў Мюнхэне.