Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На выбарах прэзыдэнта Грузіі перамагла Саламэ Зурабішвілі


Саламэ Зурабішвілі

Перамогу на прэзыдэнцкіх выбарах у Грузіі атрымала Саламэ Зурабішвілі. Пра гэта сьведчаць зьвесткі Цэнтральнай выбарчай камісіі краіны.

Па выніках падліку 99,9% бюлетэняў у другім туры выбараў за Саламэ Зурабішвілі аддалі свае галасы 59,5 % выбарнікаў. Кандыдат ад апазыцыі Грыгол Вашадзэ набраў амаль 40,5% галасоў.

Папярэдняя яўка ў другім туры выбараў прэзыдэнта Грузіі склала 56 адсоткаў, без уліку тых, хто прагаласаваў за мяжой. Зурабішвілі, паводле зьвестак ЦВК, выйграла выбары амаль ва ўсіх буйных гарадах Грузіі, у тым ліку ва ўсіх дзесяці акругах Тбілісі.

І Зурабішвілі, і Вашадзэ раней кіравалі міністэрствам замежных спраў Грузіі.

Саламэ Зурабішвілі падтрымлівае кіроўная партыя «Грузінская мара». Галоўнымі пунктамі яе перадвыбарнай праграмы былі ўступленьне Грузіі ў NATO і мірнае аб’яднаньне краіны.

Грыгола Вашадзэ вылучыла апазыцыйная кааліцыя на чале з «Адзіным нацыянальным рухам» былога прэзыдэнта Міхеіла Саакашвілі. Саакашвілі ў эфіры тэлеканалу «Руставі-2», адмовіўся прызнаць вынікі прэзыдэнцкіх выбараў у Грузіі і заклікаў жыхароў краіны пачаць масавыя акцыі пратэсту.

У першым туры, які адбыўся месяц таму, таксама перамагла Зурабішвілі.

Перадвыбарная гонка за пасаду прэзыдэнта Грузіі адзначылася шэрагам скандалаў. Апазыцыя, у прыватнасьці, абвінаваціла ўлады ў спробе масавага подкупу выбарнікаў: за некалькі дзён да галасаваньня прэм’ер Мамука Бахтадзе паабяцаў, што да новага году будуць дараваныя да 600 тысяч пратэрмінаваных даўгоў жыхароў Грузіі на суму да двух тысяч лары.

Прэзыдэнт у Грузіі абіраецца на шэсьць гадоў. Цяперашнія выбары былі апошнімі прамымі прэзыдэнцкімі выбарамі ў краіне. Наступнага кіраўніка дзяржавы будзе выбіраць парлямэнцкая калегія выбарнікаў з 300 дэлегатаў — дэпутатаў і прадстаўнікоў муніцыпальных уладаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG