Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саакашвілі заклікаў грузінаў да «масавага непадпарадкаваньня ўладам»


Міхэіл Саакашвілі
Міхэіл Саакашвілі

Экс-прэзыдэнт Грузіі Міхэіл Саакашвілі ў эфіры тэлеканалу Руставі-2 адмовіўся прызнаць вынікі прэзыдэнцкіх выбараў у Грузіі і заклікаў жыхароў краіны пачаць масавыя акцыі пратэсту.

Афіцыйна вынікі выбараў будуць абвешчаныя заўтра, 29 лістапада. Аднак, паводле дадзеных экзытполаў: у другім туры выбараў з вынікам 52-55% галасоў перамагае незалежная кандыдатка Саламэ Зурабішвілі, якую афіцыйна падтрымлівала кіруючая партыя «Грузінская мара». Кандыдат ад Аб’яднанай апазыцыі Грыгол Вашадзэ, паводле розных зьвестак, набраў ад 42% да 45% галасоў.

Саламэ Зурабішвілі
Саламэ Зурабішвілі

«Мы не прызнаем гэтыя выбары, бо яны праходзілі ва ўмовах гвалту. Я заклікаю ўсіх грамадзян Грузіі ад заўтрашняга дня перайсьці на становішча масавага непадпарадкаваньня ўладам. Я заклікаю грузінскую паліцыю ўстаць на бок народу. Я заклікаю вайскоўцаў не выконваць незаконныя загады», — заявіў Саакашвілі ў сераду.

Перадвыбарная гонка за пасаду прэзыдэнта Грузіі была адзначаная шэрагам скандалаў. Апазыцыя ў прыватнасьці абвінаваціла ўлады ў спробе масавага подкупу выбарцаў: за некалькі дзён да галасаваньня прэмʼер Мамука Бахтадзэ паабяцаў, што да новага году будуць дараваныя да 600 тысяч пратэрмінаваных даўгоў жыхароў Грузіі на суму да дзьвюх тысяч лары.

Цяперашнія выбары былі апошнімі наўпроставымі прэзыдэнцкімі выбарамі ў краіне. Наступнага кіраўніка дзяржавы будзе выбіраць парлямэнцкая калегія выбарнікаў з 300 дэлегатаў — дэпутатаў і прадстаўнікоў муніцыпальных уладаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG