Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Я б даў звольненаму прэс-сакратару МУС прыз глядацкіх сымпатыяў


Ёсьць дзьве кадравыя навіны ад МУС. Злыя языкі кажуць, што прэс-сакратара міліцыі Георгія Яўчара прызначылі вінаватым у іміджавым скандале са скульптурай гарадавога. Пасьля гэтага «прызначэньня» ён страціў працу. Але для іміджу МУС абедзьве гэтыя навіны як хваробе кашаль.

Прызнаюся, што спачатку я спрабаваў знайсьці ў гэтай навіне пазытыў. Ну вось, маўляў, прызналі ўласны правал. Пабачылі, што зь іх рагоча ўся Беларусь. А рэфлексія над сабой, як вядома, гэта першая спроба да зьмены сябе і іміджу.

Бяда ў тым, што іміджавая праблема МУС з гарадавым не пачынаецца ад славутага роліку. Ёй нават ня два гады (ад моманту, калі гэтую скульптуру паставілі). Цяжка паверыць, што гэта прэс-сакратар Яўчар прымаў рашэньне наконт такога эпатажнага і недарэчнага помніку савецкай міліцыі ў форме царскага «дзяржыморды», які ня мае дачыненьня да беларускай міліцыі.

Нават калі сам Янчар здымаў і мантаваў славуты ролік з выбачэньнямі перад гарадавым, то гэты твор – далёка ня самае страшнае, што зрабіла МУС за многія гады. Там ёсьць каго і за што звальняць, а яны, на дзіва, працуюць далей.

Добра падумаўшы, магчыма дапусьціць, што гэты ролік нават адна з самых бяскрыўдных рэчаў ад беларускай міліцыі, якая прымусіла беларусаў усьміхнуцца. Так, відэа недарэчнае і сьмешнае. Але дзякуючы яму беларусы атрымалі рэдкую магчымасьць ня толькі баяцца кібаргаў, але і пахіхікаць зь іх. Таму калі рэжысэр роліку сапраўды спадар Яўчар, то ад мяне ён мае прыз глядацкіх сымпатыяў за зьмякчэньне іміджу МУС.

Нават калі міністар Шуневіч будзе штодня прызначаць новага прэс-сакратара і тут жа яго звальняць, на імідж ведамства гэта ніяк не паўплывае. І нават утылізацыя помніку з сабачкам была б усяго невялікім крокам да таго, каб беларусы адчулі, што гэтая міліцыя — іхная.

Іміджавай праблеме МУС прынамсі 19 гадоў. Роўна столькі міліцыя ня можа знайсьці свайго былога міністра Юрыя Захаранку. Некаторыя скажуць, што гэтая праблема яшчэ старэйшая. І я ня стану зь імі спрачацца.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG