Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рапота абяцаў, што беларусы і расейцы будуць і далей вольна езьдзіць праз «саюзную» мяжу


Беларуска-расейская мяжа

Дзяржсакратар «​Саюзнай дзяржавы» Беларусі і Расеі Грыгорый Рапота заявіў, што для беларусаў і расейцаў захаваецца свабоднае перасячэньне мяжы паміж дзьвюма краінамі.

Чыноўнік пракамэнтаваў беларуска-расейскае пагадненьне аб узаемным прызнаньні візаў, пацьвердзіўшы, што гэты дакумэнт плянуецца падпісаць да канца 2018 году.

«Для беларусаў і расейцаў свабода перасоўваньня захоўваецца, — цытуе Рапоту БелТА. — Да канца 2018 году, як запэўніваюць міністры замежных спраў нашых краін, будзе падпісана адпаведнае пагадненьне, якое ўпарадкуе і аблегчыць парадак перасячэньня мяжы для грамадзян трэціх краін».

Рапота дадаў, што пагадненьне створыць умовы для разьвіцьця бізнэсу і турызму, у тым ліку ў памежных абласьцях Беларусі і Расеі.

Расея ініцыявала стварэньне міжнароднага пункту пропуску на мяжы Смаленскай вобласьці і Беларусі ў пасёлку Красная Горка. Цяпер гэта пераход выключна для расейцаў і беларусаў, а каб трапіць у Смаленск, іншаземцу неабходна зрабіць «крук» у 800 кілямэтраў — праз Гомель і адтуль на міжнародны пункт пропуску «Новыя Юркавічы».

Паводле Смаленскай абласной адміністрацыі, гэта адмоўна адбіваецца на турыстычнай галіне і прыцягненьні інвэстыцый у рэгіён.

Якім чынам будзе адбывацца надгляд транспарту і ці давядзецца паказваць дакумэнты ўсім, незалежна ад грамадзянства, аўтары ініцыятывы пакуль ня кажуць.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG