Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Не Мядзьведзеву ацэньваць шанцы Парашэнкі на выбарах», — украінскі амбасадар у Менску


Амбасадар Украіны ў Беларусі Ігар Кізім

Амбасадар Украіны ў Беларусі Ігар Кізім пракамэнтаваў выказваньне прэм’ер-міністра Дзьмітрыя Мядзьведзева, зробленае ім падчас паседжаньня кіраўнікоў урадаў краінаў ЭАЭС у Менску.

Паводле Дзьмітрыя Мядзьведзева, прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка пры цяперашнім палітычным раскладзе ня мае шанцаў перамагчы і нават выйсьці ў другі тур на маючых адбыцца выбарах. Менавіта таму, са слоў Мядзьведзева, была ўчыненая правакацыя ў Керчанскай затоцы і, як вынік, абвешчанае ваеннае становішча.

Амбасадар Украіны ў Менску Ігар Кізім заявіў журналістам, што ён бы параіў расейскаму прэм’еру быць асьцярожным з ацэнкамі, у каго якія шанцы ў выбарнай гонцы: «Не Мядзьведзеву ацэньваць шанцы Парашэнкі на выбарах».

Па сутнасьці будучай прэзыдэнцкай кампаніі ва Ўкраіне амбасадар Ігар Кізім зазначыў наступнае:

«Хоць кампанія як такая яшчэ не абвешчаная, але паверце мне: ва Ўкраіне дастаткова вялікая колькасьць людзей падтрымлівае дзейнага прэзыдэнта. Я не кажу, што падтрымка абсалютная ці нават такая, як была ў 2014 годзе, калі Парашэнка перамог ужо ў першым туры — сама па сабе ўнікальная сытуацыя для Ўкраіны. Але падтрымка істотная.

Нават сацыёлягі, якія складаюць разнастайныя рэйтынгі, прызнаюць: Парашэнка зусім не апошні ў сьпісах. На самой справе шмат вырашаецца ў апошнія месяцы перад галасаваньнем, таму ўсё будзе залежыць ад высілкаў, прыкладзеных камандай кандыдата».

Паводле ўкраінскага амбасадара, кожны кандыдат на прэзыдэнцкую пасаду мусіць пераканаць выбарнікаў, што менавіта ён заслугоўвае стаць на чале дзяржавы. На яго думку, аргумэнты Пятра Парашэнкі больш чым пераканаўчыя.

«Лічу, Парашэнку ёсьць што паказаць, — кажа ён. — Пачынаючы ад таго, што ўсё ж былі запушчаныя менскія дамоўленасьці і ўдалося спыніць агрэсію на ўсходзе, і заканчваючы тым, што неўзабаве Ўкраіна атрымае томас — адзіную памесную праваслаўную царкву. А гэта тое, чаго чакае насельніцтва: паводле апытаньняў, 80% такія захады падтрымліваюць.

Магу яшчэ нагадаць пра бязьвізавы рэжым з Эўразьвязам, уведзены дзякуючы ў тым ліку прэзыдэнту. Гэта тое, што занесена ў скарбонку пазытыўных спраў. Не магу назваць чалавека, які зрабіў больш цягам усіх гадоў незалежнасьці. Асабіста я нэўтральна стаўлюся да кандыдатаў, але трэба аб’ектыўна глядзець на рэчы».

Расейскі прэм’ер-міністар Дзьмітрый Мядзьведзеў лічыць, што ўвядзеньне ваеннага становішча ў шэрагу абласьцей Ўкраіны дасьць магчымасьць дзейнай уладзе «паказаць цягліцы і тым самым павялічыць падтрымку з боку насельніцтва» — маўляў, гэта адзін з магчымых варыянтаў паўплываць на вынікі прэзыдэнцкіх выбараў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG