Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЗША групу расейцаў абвінавацілі ў кібэрзлачынствах

Фэдэральны суд у Брукліне завочна прад’явіў абвінавачваньне ў кібэрзлачынствах шасьцярым грамадзянам Расеі і двум грамадзянам Казахстану, паведаміла пракуратура Ўсходняй акругі Нью-Ёрку.

Іх абвінавачваюць у махлярстве зь лічбавай рэклямай, уварваньні ў кампутарныя сыстэмы, крадзяжы асабістых зьвестак і адмываньні грошай. Паводле пракуратуры, шкода ад іх дзейнасьці склала больш за 36 мільёнаў даляраў.

У паведамленьні ўдакладняецца, што абвінавачаньне выстаўлена 6 расейцам — 38-гадоваму Аляксандру Жукаву, 39-гадоваму Барысу Цімохіну, 34-гадоваму Міхаілу Андрэеву, 40-гадоваму Дзянісу Аўдзееву, Дзьмітрыю Новікаву, 31-гадоваму Аляксандру Ісаеву, а таксама грамадзянам Казахстану — 30-гадовым Сяргею Аўсяньнікаву і Яўгенію Цімчанку.

Трое зь іх затрыманыя, Аўсянікаў быў затрыманы у мінулым месяцы ў Малайзіі, Жукаў і Цімчанка — у гэтым месяцы ў Баўгарыі і Эстоніі адпаведна. Яны чакаюць экстрадыцыі. Астатнія фігуранты справы знаходзяцца на волі.

Генэральнае консульства РФ у Нью-Ёрку паведаміла, што «трымае сытуацыю на кантролі».

У кастрычніку ЗША абвінавацілі ў кібэрзлачынствах семярых грамадзян Расеі. Іх абвінавацілі ва ўзломе кампутараў, атаках на спартовыя арганізацыі, хімічныя лябараторыі і ядзерную кампанію ў ЗША.

XS
SM
MD
LG