Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Калінінградзе аблілі фарбай помнік і магілу Канта, бо ён «вораг».


Помнік Імануілу Канту ў Калінінградзе
Помнік Імануілу Канту ў Калінінградзе

У Калінінградзе невядомыя аблілі фарбай помнік Імануілу Канту і раскідалі ўлёткі, у якіх заклікаюць мясцовы ўнівэрсытэт адмовіцца ад «імя ворага». Ноччу таксама была пашкоджаная магіла філёзафа ля калінінградзкага катэдральнага сабору.

Улёткі, якія былі раскіданыя вакол помніка, які знаходзіцца побач з Балтыйскім фэдэральным унівэрсытэтам імя Канта, утрымлівалі заклік да студэнтаў адмовіцца ад імя філёзафа ў назьве ВНУ. Імя Канта было прысвоенае ўнівэрсытэту ў 2005 годзе.

«Хопіць здраджваць радзіме! Вы вучыцеся ў сьценах, якія носяць імя ворага! Адрачыцеся праваслаўным крыжам ад гэтага варожага імя. Кант здрадзіў рускай зямлі, якая прыняла яго. Зрывацца шыльды, выкрэсьлівайце чужое імя са сваіх дакумэнтаў» — заклікаюць ва ўлётках студэнтаў унівэрсытэту.

Выданьне «Калининград.Ру» са спасылкай на мэрыю горада паведамляе, што манумэнт пачалі чысьціць ад фарбы. На месца таксама прыбыла паліцыя.

Выданьне «Новый Калининград» паведаміла, што фарбай таксама аблілі памятную шыльду, усталяваную на месцы, дзе раней стаяў дом, у якім нарадзіўся Кант.

Родапачынальнік нямецкай клясычнай філязофіі Імануіл Кант нарадзіўся і памёр у Кёнігсбэргу, цяперашнім Калінінградзе, калі горад быў у складзе Прусіі. Падчас Сямігадовай вайны ён прымаў расейскае падданства. Імя філёзафа доўгі час лідзіравала ў інтэрнэт-галасаваньні за перайменаваньне калінінградзкага аэрапорту «Храбрава».

З крытыкай наданьня аэрапорту імя Канта выступіў дэпутат Дзярждумы ад Татарстану Марат Барыеў. На яго думку, імя філёзафа нельга прысвойваць аэрапорту, паколькі Канта «нельга назваць нашым суайчыньнікам» і яго імя абражае вэтэранаў Вялікай Айчыннай вайны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG