Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША асуджаюць агрэсіўныя дзеяньні Расеі супраць Украіны, — дзяржсакратар Пампэо


Дзяржаўны сакратар ЗША Майк Пампэо
Дзяржаўны сакратар ЗША Майк Пампэо

ЗША асуджаюць агрэсіўныя дзеяньні Расеі, якія зьяўляюцца парушэньнем міжнароднага права, заявіў дзяржаўны сакратар ЗША Майк Пампэо, камэнтуючы напад Расеі на ўкраінскія вайсковыя караблі ў Азоўскім моры.

ЗША выказалі глыбокую занепакоенасьць гэтым небясьпечным інцыдэнтам і заклікаюць Расею вярнуць Украіне яе караблі і затрыманых маракоў, заявіў Пампэо 26 лістапада. Акрамя таго, ЗША заклікаюць Расею паважаць сувэрэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны ў яе міжнародна прызнаных межах, уключаючы тэрытарыяльныя воды, гаворыцца ў заяве.

«Заклікаем абодва бакі быць стрыманымі і прытрымлівацца сваіх міжнародных абавязаньняў. Заклікаем прэзыдэнтаў Парашэнку і Пуціна непасрэдна далучыцца да вырашэньня гэтай сытуацыі. У сувязі з гэтым паўтараем нашу падтрымку фармату «нармандзкай чацьвёркі», — падкрэсьліў дзяржсакратар ЗША, кажучы пра фармат перамоваў аб урэгуляваньні сытуацыі на ўсходзе Ўкраіны і ў Крыме, у якім, акрамя Ўкраіны і Расеі, бяруць удзел таксама Нямеччына і Францыя.

Таксама 26 лістапада дзяржсакратар ЗША правёў тэлефонную размову з прэзыдэнтам Украіны Пятром Парашэнкам, падчас якой, як паведамілі ў Вашынгтоне, бакі абмеркавалі «агрэсію Расеі супраць Украіны ў Чорным моры ля Керчанскай пратокі».

Гэтыя заявы і размовы адбыліся ў сувязі з нападам Расеі на тры ўкраінскія вайсковыя караблі 25 лістапада, у выніку якога два зь іх былі пашкоджаныя, усе тры захопленыя сілай з ужываньнем зброі; шэсьць украінскіх маракоў былі параненыя, двое зь іх знаходзяцца ў цяжкім стане.

Што трэба ведаць пра канфлікт Украіны і Расеі ў Азоўскім моры

Расея 25 лістапада заблякавала выхад украінскіх караблёў, якія плылі да Марыюпалю праз Керчанскі праліў, каб трапіць у Азоўскае мора. Тры ўкраінскія караблі і больш за 20 украінскіх маракоў захопленыя расейскімі вайскоўцамі.

  • Раніцай 25 лістапада расейскі сухагруз перагарадзіў Керчанскую пратоку перад трыма ўкраінскімі суднамі, якія ажыцьцяўлялі плянавы пераход з порту Адэсы ў порт Марыюпаль Азоўскага мора. Пазьней расейскі пагранічны карабель пратараніў буксір Вайскова-марскіх сіл Узброеных сіл Украіны.
  • Расейскія вайсковыя караблі з дапамогай авіяцыі і спэцназу атакавалі і захапілі пашкоджаны ўкраінскі буксір і два малыя браняваныя артылерыйскія катэры. Шэсьць украінскіх маракоў былі параненыя, двое зь іх у цяжкім стане.
  • Паводле Расеі, украінскія караблі спрабавалі прайсьці празь Керчанскую пратоку незаконна. Украіна адкідае гэтае абвінавачваньне, спасылаючыся на міжнародныя і міжурадавыя пагадненьні.
  • Ці праўда, што ўкраінскія караблі парушылі расейскую мяжу ў Азоўскім моры?
  • Ва Ўкраіне абʼявілі ваеннае становішча з 28 лістапада да 27 сьнежня. Узброеныя сілы Ўкраіны прыведзеныя ў поўную баявую гатоўнасьць.
    Дзе ва Ўкраіне ўвялі ваеннае становішча
    Дзе ва Ўкраіне ўвялі ваеннае становішча
  • Канфлікт у Азоўскім моры паміж Украінай і РФ узьнік пасьля ўвядзеньня ў эксплюатацыю моста ў анэксаваны Крым. Украіна заяўляе, што Расея на падставе праверак затрымлівае дзясяткі суднаў, якія ідуць ва ўкраінскія азоўскія парты. Паводле Масквы, праверкі ўкраінскіх суднаў законныя.
  • Рада Бясьпекі ААН склікала 26 лістапада экстранае паседжаньне ў сувязі з рэзкім абвастрэньнем сытуацыі ў Керчанскім праліве, шэраг эўрапейскіх краінаў асудзілі дзеяньні Расеі ў Азоўскім моры.
  • Суд Сімферопаля на два месяцы арыштаваў 24 украінскіх маракоў, захопленых расейскімі сілавікамі. Украінская пракуратура прызнала іх ваеннапалоннымі.
  • Украіна на час дзеяньня ваеннага становiшча забараніла ўезд у краіну мужчынам –​ грамадзянам Расеі ва ўзросьце ад 16 да 60 гадоў.
  • У верасьні 2019 году адбыўся абмен палоннымі паміж Расеяй і Ўкраінай, падчас якога захопленыя маракі вярнуліся ва Ўкраіну.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG