Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вядоўца каналу «Россия» заплаціў журналістцы за ўтойваньне відэа зь яго нерухомасьцю ў Лёндане, — «Дождь»


Вядоўца тэлеканала «Россия» Сяргей Брылёў заплаціў 250 фунтаў фрылансэрцы тэлеканалу «Дождь» Паліне Чаркаевай за тое, каб яна не аддавала ў рэдакцыю відэа зь ягоным лёнданскім домам, сьцьвярджае «Дождь».

Як паведамляе тэлеканал, пасьля расьсьледаваньня Аляксея Навальнага, у якім той расказаў аб наяўнасьці ў Брылёва і ягонай жонкі брытанскага грамадзянства і кватэры ў Лёндане за 700 тысяч фунтаў, тэлеканал папрасіў свайго стрынгера ў Вялікай Брытаніі зьезьдзіць у гэтае месца. Тыя апыталі жыхароў дома, у якім, як мяркуецца, жывуць Брылёвы, і адзін зь іх апазнаў у тэлевядоўцы свайго суседа.

Паводле Чаркаевай, неўзабаве пасьля гэтага, калі апэратар ужо зьехаў, яна сустрэла Брылёвых асабіста, і яны заплацілі ёй грошы за ўтойваньне атрыманай інфармацыі.

«Прабач, але я не змагу нічога прыслаць. І размова была ня самай вясёлай. Спадзяюся, ты зразумееш», — напісала журналістка рэдактару тэлеканалу.

Раней жонка Сяргея Брылёва Ірына абвергла наяўнасьць у яе і яе мужа як грамадзянства Вялікай Брытаніі, так і дарагой нерухомасьці. Паводле яе, дакумэнты, пададзеныя ў расьсьледаваньні Навальнага, адносіліся да таго часу, калі яна разам з Брылёвым працавала ў Лёндане, а гэта нібыта было з 1995-га па 2001 год. Сам тэлевядоўца заяўляў, што наогул ня ў курсе расьсьледаваньня.

Раней, 22 лістапада, Аляксей Навальны апублікаваў відэаролік, у якім сьцьвярджалася, што ў жонкі Брылёва ёсьць доля ў кіроўнай кампаніі шматкватэрнага жылога дома ў Лёндане. Акрамя таго, сьцьвярджаў Навальны, Брылёў з жонкай маюць брытанскія пашпарты.

Сяргей Брылёў займае пасаду намесьніка дырэктара тэлеканалу «Россия» па спэцыяльных інфармацыйных праектах і вядзе суботнюю праграму «Вести». Акрамя гэтага, ён бярэ ўдзел у працы Савету замежнай і абароннай палітыкі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG