Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амэрыканскі кангрэсмэн пра бой у Азоўскім моры: «Абуральныя парушэньні Расеяй міжнароднага права»


Азоўскае мора, салдат вайскова-марскіх сіл Украіны
Азоўскае мора, салдат вайскова-марскіх сіл Украіны

ЗША ня могуць ігнараваць агрэсію Расеі супраць Украіны, заявіў сябра Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША ад Рэспубліканскай партыі Браян Фіцпатрык.

На яго думку, незаконная акупацыя Крыму і спробы дэстабілізаваць Усходнюю Эўропу пагражаюць у тым ліку інтарэсам Злучаных Штатаў. Таму, перакананы ён, на саміце «Вялікай дваццаткі» на наступным тыдні прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп мае запатрабаваць адказу ад Уладзіміра Пуціна.

«Абуральныя парушэньні Расеяй міжнароднага права ў Азоўскім моры і яе правакацыйная атака на сувэрэнітэт Украіны абсалютна непрымальныя. Масква павінна неадкладна аднавіць свабоду суднаходзтва праз Керчанскі праліў, каб украінскія судны маглі свабодна карыстацца ўкраінскімі портамі. Мы павінны стаць плячом да пляча з народам Украіны», — гаворыцца ў заяве Браяна Фіцпатрыка.

25 лістапада расейскія марскія памежнікі і сілы спэцпрызначэньня напалі на тры ўкраінскія караблі, калі тыя вярталіся пасьля няўдалай спробы прайсьці праз Керчанскі праліў у Азоўскае мора. Паведамляецца пра 6 параненых украінскіх маракоў.

Паводле зьвестак украінскага боку, напад адбыўся па-за 12-мільнымі межамі водаў вакол акупаванага Крыму, на якія Расея прэтэндуе як на «свае тэрытарыяльныя воды».

Перад тым Расея фізычна перакрыла Керчанскі праліў для ўсяго суднаходзтва, паставіўшы папярок яе цывільнае судна.

26 лістапада на пасяджэньні Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны было прынятае рашэньне аб падрыхтоўцы да ўвядзеньня ваеннага становішча ва Ўкраіне на 60 дзён з прычыны нападу Расеі. Гэтае пытаньне парлямэнт Украіны павінен разгледзець на закрытым паседжаньні, пачатак якога заплянаваны на 16-ю гадзіну.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG