Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дональд Трамп заклікае Мэксыку спыніць паток мігрантаў у ЗША


Ілюстрацыйнае фота. Мігранты з Гандурасу, якія накіроўваюцца ў ЗША
Ілюстрацыйнае фота. Мігранты з Гандурасу, якія накіроўваюцца ў ЗША

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп у нядзелю заклікаў Мэксыку і краіны Цэнтральнай Амэрыкі спыніць паток мігрантаў, якія накіроўваюцца ў ЗША.

«Было б вельмі разумна, калі б Мэксыка спыняла караваны задоўга да таго, як яны дабіраюцца да нашай паўднёвай мяжы, або калі б краіны паходжаньня [караванаў] не дазвалялі ім фармавацца. Для іх гэта спосаб пазбавіцца ад пэўных людзей і падкінуць іх ЗША. Больш так ня будзе», — напісаў Трамп у «Твітэры».

У нядзелю каля 500 чалавек з каравана мігрантаў, які прыбыў у мэксыканскі горад Тыхуану, паспрабавалі штурмаваць загараджальныя збудаваньні на мяжы з ЗША. Пра гэта паведаміла міністарка ўнутранай бясьпекі ЗША Кірстэн Нільс. Беспарадкам папярэднічала мірная дэманстрацыя ўцекачоў.

Мэксыканская паліцыя не змагла стрымаць напор натоўпу. Супрацоўнікі памежнай службы ЗША ўжылі сьлезацечны газ. Актывісты руху ў падтрымку мігрантаў сьцьвярджаюць, што ў выніку загінула немаўля. Афіцыйнага пацьверджаньня гэтай інфармацыі пакуль няма.

Улады Мэксыкі ўжо заявілі, што дэпартуюць каля 500 чалавек, якія «незаконна» і «з ужываньнем сілы» спрабавалі перасекчы мяжу амэрыканскую мяжу.

У мэксыканскім горадзе Тыхуане на мяжы з ЗША знаходзяцца каля пяці тысяч мігрантаў. Улады гораду ўжо заявілі аб «гуманітарным крызісе» ў сувязі з наплывам уцекачоў. Большасьць мігрантаў складаюць грамадзяне Гандурасу, Гватэмалы і Сальвадора.

Прэзыдэнт Дональд Трамп заявіў, што ЗША будуць прапускаць на сваю тэрыторыю толькі тых, чые прашэньні аб прыстанішчы ў індывідуальным парадку будуць ухваленыя судом.

«У адваротным выпадку будзе прымяняцца вельмі строгая палітыка „злавіў — затрымай“. Ніякіх „адпусьці“ ў ЗША», — напісаў Трамп у «Твітэры».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG