З нагоды 98-й гадавіны Слуцкага Збройнага Чыну старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонка Сурвіла зьвярнулася да беларусаў.
Івонка Сурвіла кажа, што сэрца беларуса, які згадвае сёньня пра подзьвіг случчакоў, напаўняецца захапленьнем тымі людзьмі, што ішлі на сьмерць, каб жыла Бацькаўшчына.
Старшыня Рады БНР піша:
«Случчакі назаўсёды застануцца ў нашай памяці. Яны ішлі змагацца зь верай у сваю праўду, не таму што нехта ім загадаў ісьці, а таму што яны ведалі, што няма большай каштоўнасьці ў чалавека за волю — сваю і свайго народу.
Дзевяноста восем гадоў таму яны былі гатовыя аддаць жыцьцё за волю!
За гэтых 98 гадоў, шмат што зьмянілася на нашай зямлі. Чужакі зьнішчылі мільёны найлепшых сыноў і дачок Беларусі. Тыя, што засталіся, разьвілі неверагодны інстынкт выжываньня, які дазволіў ім выжыць дасюль.
Барацьба за вольную і дэмакратычную Беларусь, якую яны вялі, працягваецца і па сёньня.
Сёлетні год — юбілейны для беларускай дзяржаўнасьці. Але мы бачым, як на фоне суседніх з намі краінаў, што таксама сьвяткуюць стагодзьдзе сваёй незалежнасьці, рэжым у Беларусі фактычна праігнараваў гэтую найважнейшую дату.
Адначасова з гэтым для ўсіх відавочнай стала ўсё большая небясьпека, якую прадстаўляе агрэсіўная пуцінская Расея. Рада БНР папярэджвала пра гэтую небясьпеку шмат гадоў. Але ня ўсе хочуць яе чуць. Маскоўскае прамываньне мазгоў выконвае сваю зларадную працу».
У сваім звароце старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла заклікае кожнага беларуса прыпомніць сёньня гераізм случчакоў і выказаць ім удзячнасьць за тое, што яны паказалі, як трэба любіць і цаніць сваю зямлю.
Зварот старшыня Рады БНР апублікаваны на сайце Рады.