Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларусі трэба прайсьці пэўны шлях, каб стаць лягістычным хабам», — нямецкія бізнэсоўцы


Падчас Менскага форуму адбылася дыскусія адносна таго, як Беларусі стаць тэхналягічным і лягістычным хабам.

Гэтае пытаньне разглядалася таксама ў зьвязку зь ініцыятывай «Новы Шаўковы шлях».

Сустаршыня нямецка-беларускага савета прадпрымальнікаў, дырэктар «Сувязі з грамадзкасьцю ва Ўсходняй Эўропе» Remondis SE Фэлікс Цымэрман назваў транспартнай сталіцай Беларусі Берасьце, які «стаіць у адным шэрагу з Шанхаем і Нью-Ёркам». Кантэйнэрныя перавозкі чыгункай з Азіі ў Эўропу значна павялічыліся.

«Атрымліваецца, што з Заходняга Кітаю значна хутчэй давесьці грузы напрамую па чыгунцы ў Эўропу, чым накіраваць іх спачатку ва Ўсходні Кітай, а потым марскім шляхам у Эўропу. Але праблема ў тым, што кантэйнэрны цягнік з Азіі да Эўропы прыходзіць за 14 дзён. Першы ўчастак да Берасьця ён праходзіць за 5 дзён. А потым ён перасякае беларуска-польскую мяжу і яму спатрэбіцца яшчэ 7-9 дзён, каб праехаць да Дуйсбурга ці да Гамбурга. І ніхто ня можа патлумачыць, чаму ўзьнікае такое моцнае адставаньне. Гэтым займаецца бізнэс, палітыкі. Тым ня менш гэта задача, як і раней застаецца для нас сладанай і нявырашанай», — сказаў Фэлікс Цымэрман.

У Беларусі разьвіваецца праект тэхнапарку «Вялікі камень», таму транспартны паток павялічыцца.

«А значыць узмоцняцца і праблемы на беларуска-эўрапэйскай мяжы. Я якраз два дні правёў у Берасьці, каб на свае вочы пабачыць як там ідуць справы», — сказаў Фэлікс Цымэрман.

«Новы Шаўковы шлях», паводле Цымэрмана, стаў цяпер моднай тэмай, пра яго гавораць прыкладна як у IT-індустрыі пра блокчэйн.

«Пад Шаўковым шляхам маюцца на ўвазе транспартныя маршруты, калідоры, якія вядуць з Кітаю ў Эўропу. То бок кантэйнэрныя цягнікі, якія праяжджаюць па тэрыторыі Беларусі, насамрэч не зьбіраюцца тут дагружацца. Яны едуць да мяжы і далей — у Эўропу. Сама Беларусь павінна яшчэ скарыстацца шанцам і насамрэч стаць хабам. Калі цягнікі вымушаныя тут затармазіць, то можна падумаць як працаваць з гэтымі перавозкамі. Праблемы, пра якія мы цяпер гаворым, магчыма адкрываюць шанцы для Беларусі стварыць тут сапраўдны хаб. Але ён павінен атрымліваць тут рэальную дзяржаўную падтрымку».

Паводле Фэлікса Цымэрмана, увазны ПДВ павінен быць «адназначна адменены».

«Калі вы сёньня прыяжджаеце ў Нідэрлянды, то ад мяжы да Паўночнага мора бачыце адзін лягістычны цэнтар за другім. Бо ў Нідэрляндах менавіта ідзе дыстрыбуцыя грузаў з Кітаю, з Азіі па ўсёй Эўропе. Калі марскім шляхам туды дастаўляюцца грузы, то ніякага ўвазнога НДС у Нідэрляндах не бярэцца. А калі вы хочаце ўвесьці грузы ў Нямеччыну, то вам для пачатку трэба выплаціць за ўвесь груз, хаця ён не прызначаны для нямецкай тэрыторыі, двайны ПДВ, які вам праз пару месяцаў вернуць. Менавіта таму столькі кампаній зь Нямеччыны перамяшчаюцца ў Нідэрлянды, Люксэмбург і менавіта там узьнікаюць сапраўдныя лягістычныя хабы».

Зьвяртаючы ўвагу на гэты вопыт, Беларусь павінна стварыць такія структуры, якія займаюцца дыстрыбуцыяй, разьмеркаваньнем грузаў у эўразійскай, усходнеэўрапейскай прасторы, лічыць Фэлікс Цымэрман.

«Правільным крокам з боку Беларусі трэба прызнаць прыцягненьне прамысловых камапній, напрыклад, у „Вялікі камень“ альбо ў свабодныя эканамічныя зоны. Трэба, каб рэзыдэнтамі гэтых зон станавіліся прамысловыя кампаніі. Бо лягістыкам трэба нешта разьмяркоўваць. То бок спачатку павінны быць створаны грузы, якія будуць разьмяркоўвацца. Для таго, каб Беларусь стала лягістычным хабам для гэтага трэба прайсьці яшчэ пэўны шлях».

«Мы прасоўваем гэту пляцоўку»

Кіраўнік аддзела фінансавых інстытутаў ЦУЭ/СНД «Камэрцбанку» (Франкфурт-на-Майне) Хольгер Каўцкі казаў пра станоўчую тэндэнцыю ў Беларусі на макраэканамічным узроўні.

«Такія банкі як наш, напрыклад, гатовы выдзяляць крэдытныя лініі для гандлёвага фінансаваньня. Але і страхаўшчыкі экспартных крэдытаў, як „Гермес“ і іншыя эўрапейскія страхаўшчыкі, станоўча ацэньваюць Беларусь і даюць свае страхоўкі. Па колькасьці акцый, якія тут ажыцьцяўляліся, гэта растучы рынак».

Паводле Хольгера Каўцкага, калі Беларусь будзе праводзіць такую ж кансэрватыўную палітыку ў банкаўскім сэктары, а фіскальная і манэтарная палітыка, па ранейшаму будзе арыентавацца на стабілізацыю, то крэдыторы і далей будуць фінансаваць зьдзелкі. Апошнім часам таксама адзначаецца рост прамых інвэстыцый у Беларусь.

«„Шаўковы шлях“ — важная і вялікая тэма для нас, сыходзячы з нашай прысутнасьці ў Кітаі, — сказаў Хольгер Каўцкі. — Са свайго боку мы праводзім многа мерапрыемстваў для Беларусі, каб зрабіць гэты рынак больш вядомым у Эўропе. Мы прасоўваем гэту пляцоўку, глядзім, што ў Беларусі можам уключыць у наш партфэль. Канечне, арыентуючыся на інтарэсы кліентаў, гэта павінны быць і прадпрыемствы з Эўропы, якія тут праяўляюць актыўнасьць. Мы накіроўваем наш позірк на інфраструктуру, дзе мы можам прапанаваць інвэставаньне. Тут мы супрацоўнічаем праз беларускія банкі».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG