Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь запрасіла ў Менск партнэраў з «Шаўковага шляху»


Таварны цягнік з Кітаю ў Вялікую Брытанію на польска-беларускай мяжы

Дэпутатаў Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ, якія ўваходзяць у групу падтрымкі «Шаўковага шляху», запрасілі ў Менск на міжнародную канфэрэнцыю. З адпаведнай ініцыятывай выступіў кіраўнік беларускай дэлегацыі ў ПА АБСЭ Баляслаў Пірштук.

Канкрэтную дату двухдзённага мерапрыемства ўзгодняць па дыпляматычных каналах. Запрашэньне было зроблена ў Вене, дзе напрыканцы тыдня праходзіла зімовая сэсія Парлямэнцкай асамблеі.

Кандыдат гістарычных навук і спэцыяліст па Кітаі Яўген Красулін кажа Свабодзе, што афіцыйны Менск удала скарыстаў сытуацыю, бо «Шаўковы шлях» неўзабаве атрымае вельмі моцны дадатковы імпульс.

«Ініцыятар гэтага праекту — Кітай, а больш канкрэтна — кіраўнік краіны Сі Цзіньпінь. Учора прыйшло паведамленьне, што Кампартыя зьбіраецца зьняць для яго ўсе абмежаваньні па пераабраньні на найвышэйшую пасаду. А гэта значыць, што „Шаўковы шлях“ будзе моцна стымулявацца і эканамічна, і ідэалягічна», — кажа экспэрт.

Навуковец тлумачыць, што для беларускіх уладаў гэты праект надзвычай прывабны зь дзьвюх прычынаў — палітычнай і эканамічнай.

«Форум у Менску — гэта магчымасьць зноў трапіць у цэнтар навінаў. Таму ў палітычным пляне гэта можа прынесьці дывідэнды. Эканамічны аспэкт больш складаны. Тэарэтычна Беларусь можа прапанаваць на экспарт свае тавары. Але ў цяперашніх беларускіх рэаліях яны ня могуць быць ні вельмі якаснымі, ні вельмі таннымі. Пэрспэктывы ў „Шаўковага шляху“ велізарныя, але ж у Беларусі пакуль столькі абмежаваньняў, нават абсурдных абмежаваньняў, якія зьвязваюць рукі ініцыятыўным людзям», — кажа Красулін.

Экспэрт лічыць таксама, што такія краіны, як ЗША, Японія, Аўстралія, Індыя і некаторыя іншыя хутка адрэагуюць на «Шаўковы шлях». Яны створаць свой альтэрнатыўны праект.

«Таму беларускім уладам трэба сьпяшацца. Калі Менск будзе актыўна дэманстраваць сваю зацікаўленасьць і свой удзел у гэтым праекце, то ён можа атрымаць прэфэрэнцыі з боку Кітаю», — кажа Яўген Красулін.

XS
SM
MD
LG