Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Bellingcat назвала супрацоўнікам ГРУ ўдзельніка спробы перавароту ў Чарнагорыі


Прэдраг Багічавіч, Нэманя Рыстыч, Уладзімір Папоў, Эдуард Шырокаў на арыенціроўцы Інтэрполу
Прэдраг Багічавіч, Нэманя Рыстыч, Уладзімір Папоў, Эдуард Шырокаў на арыенціроўцы Інтэрполу

Дасьледчая група Bellingcat і расейскае выданьне The Insider раскрылі асобу аднаго з удзельнікаў спробы дзяржаўнага перавароту ў Чарнагорыі. Як цьвердзяць журналісты, расейца Ўладзіміра Папова, які вышукваецца ўладамі Чарнагорыі, насамрэч завуць Уладзімір Майсееў і ён служыць у расейскай вайсковай выведцы.

Раней сьледчыя апазналі супрацоўніка ГРУ ў іншым расейцы, падазраваным у арганізацыі перавароту.

Хто такі Уладзімір Майсееў

  • Паводле зьвестак журналістаў, Уладзімір Майсееў нарадзіўся 29 траўня 1980 году ў Курганскай вобласьці. Ён вучыўся ў мясцовай вясковай школе, адслужыў у войску і паступіў у Цюменскую вышэйшую вайскова-інжынэрную камандную вучэльню, скончыўшы яе ў званьні лейтэнанта.
  • Паміж 2006 і 2009 гадамі ён перабраўся ў Маскву, дзе прайшоў падрыхтоўку ў вайсковай частцы № 48427, якая адносіцца, паводле сьцьвярджэньня журналістаў, да спэцназу ГРУ — там разьмешчаны 45-ы асобны гвардзейскі выведны полк спэцыяльнага прызначэньня. У 2008 годзе гэты полк браў актыўны ўдзел у расейска-грузінскай вайне.
  • Да 2015 году Майсееў пражываў у інтэрнаце пры сваёй вайсковай частцы на Паўночным усходзе. У 2015 годзе ён пераехаў на прэстыжны Паўднёвы захад, у раён Чаромушкі, дзе жыве ў суседнім доме зь меркаваным супрацоўнікам ГРУ Аляксандрам Мішкіным. Мішкіна называюць удзельнікам замаху на былога начальніка кадравай службы ГРУ Сяргея Скрыпаля і яго дачку Юлію.
  • Пад імем Папова Майсееў рэгулярна лётаў у Эўропу, ён бываў у Польшчы, Баўгарыі, Украіне, Малдове і Сэрбіі. Час ад часу ён купляў квіткі і пад сапраўдным імем.
  • У Польшчы Майсееў быў у тым самым часе, калі там працаваў у расейскай амбасадзе іншы падазраваны ў справе аб перавароце ў Чарнагорыі, расеец Эдуард Шырокаў (раней апазнаны журналістамі як афіцэр ГРУ Эдуард Шышмакоў). У Баўгарыі падазраваныя ў дзяржаўным перавароце, паводле сьцьвярджэньня чарнагорскай паліцыі, купілі тэлефоны з шыфраванай сувязьзю. У Сэрбіі, паводле сьледзтва, змоўнікі рыхтавалі чарнагорскі пераварот. У Малдове Майсеева пад імем Папова падазравалі ў спробе арганізаваць хваляваньні ў Гагаузіі — аўтаноміі, населенай этнічнай меншасьцю.

Як быў арганізаваны пераварот у Чарнагорыі

  • 6 кастрычніка 2016 году ўлады Чарнагорыі абвясьцілі, што здолелі прадухіліць спробу дзяржаўнага перавароту падчас парлямэнцкіх выбараў. Чарнагорская пракуратура лічыць, што змоўнікі, сярод якіх былі і расейцы, спрабавалі сарваць уступленьне краіны ў NATO і забясьпечыць прыход да ўлады прарасейскіх сілаў. Масква гэтыя абвінавачаньні адмаўляе.
  • Падрыхтоўка да сілавой апэрацыі ішла на тэрыторыі трох краін: Чарнагорыі, Сэрбіі і Расеі. Сьледзтва мяркуе, што сцэнар перавароту прадугледжваў стральбу па дэманстрантах, захоп парлямэнту і забойства прэм’ер-міністра Чарнагорыі Міла Джуканавіча. Усяго ў акцыі плянавалася задзейнічаць каля 500 чалавек, у тым ліку 50 чалавек, узброеных аўтаматамі.
  • Па справе аб спробе перавароту праходзяць двое расейскіх грамадзянаў — Эдуард Шышмакоў і Уладзімір Папоў, лідэры прарасейскіх партый чарнагорскай апазыцыі Андрыя Мандзіч і Мілан Княжэвіч, а таксама шэраг грамадзян Сэрбіі. Усіх іх лічаць датычнымі да спробы дэстабілізацыі краіны і захопу ўлады.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG